На «нафтавым павадку». Беларусь – у тройцы самых нафтазалежных краінаў свету


Беларусь заняла трэцяе месца ў рэйтынгу найбольш залежных ад нафты эканомік, падрыхтаваным агенцтвам «Bloomberg». Рэйтынг складзены на аснове адсоткавых адносінаў нафтавага экспарту да ВУП краіны. Усе дзяржавы, якія ўлічвае Bloomberg, ранжыраваныя, зыходзячы з тэмпаў прыросту нафтавага складніку ў ВУП за 25 гадоў (з 1993 да 2018 года).

Згодна з рэйтынгам, у 1993 годзе нафтавы складнік (аб’ём нафтавага экспарту) Беларусі быў на ўзроўні 0,5 % да ВУП. Блізу 2018 года, згодна з прагнозамі экспертаў «Bloomberg», доля нафтавага экспарту да ВУП дасягне ў Беларусі 13,9 %. Гэткім чынам, паводле ацэнак аўтараў рэйтынгу, нафтавы складнік да ВУП вырасце ў Беларусі на 13,4 адсоткавыя пункты за 25 гадоў.

Першае месца паводле тэмпаў прыросту нафтавага складніку да ВУП у рэйтынгу «Bloomberg» заняла Лівія, другое – Сінгапур.

Афіцыйныя статзвесткі Беларусі пацвярджаюць, што магчымасці беларускай эканомікі генераваць угандляваную валюту шмат у чым залежаць ад сітуацыі ў нафтавай сферы.

Паводле звестак за студзень–лістапад 2013 года, экспарт беларускіх нафтапрадуктаў склаў $ 9,31 млрд. Апроч гэтага, у названы перыяд Беларусь экспартавала нафты на $ 1,13 млрд.

Калі ўлічыць, што сукупныя валютныя паступленні Беларусі ад экспарту тавараў у студзені–лістападзе склалі $ 32,54 млрд, то відавочна: нафтавы складнік займае прыблізна траціну ў сукупнай угандляванай валюце Беларусі, што паступае ад экспарту.

Тым часам улады Беларуси вядуць перамовы аб павелічэнні абёмаў перапрацоўвання расейскай нафты на сваёй тэрыторыі.

Віцэ-прэм’ер Беларусі Пётр Пракаповіч, выступаючы 20 снежня 2013 года на паседжанні парламенту, заявіў: павелічэнне кампаніяй «Роснефть» да 2020 года перапрацоўкі на тэрыторыі Беларусі нафты да 20 млн тонаў – умова прыватызацыі Мазырскага НПЗ.

«Размова ідзе, каб частка нафты, што экспартуецца ў Еўропу, перапрацоўвалася ў Беларусі і прадавалася на экспарт», – сказаў Пракаповіч. Калі Расея гэтую прапанову падтрымае, тое будзе азначаць для Беларусі буйны інвестыцыйны праект, дадаў ён.

Незалежныя эксперты выказваюць трывогу ў сувязі з тым, што Беларусь працягвае рабіць стаўку на нафтавы складнік пры вызначэнні прыярытэтаў эканамічнага развіцця.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары