Канфлікт вакол будынку Міністэрства аграрнай палітыкі Украіны


Падчас спробы вызвалення актывістамі «Свабоды» памяшкання Міністэрства аграпалітыкі ды харчавання Украіны, якое раней захапілі актывісты руху «Спільна справа», паводле непацверджанай інфармацыі, пацярпелі 6 асобаў.

Актывісты«Спільнай справы» адмаўляліся вызваляць будынак. Дайшло да канфлікту – актывістаў «Свабоды» палівалі з верхніх паверхаў вадою з пажарных рукавоў, нехта са «свабодаўцаў» пачаў адстрэльвацца з траўматычнага пісталета. Раней паведамлялася, што ў вызваленні бралі ўдзел актывісты самаабароны Майдану, але адзін з камендантаў Майдану, Андрэй Парубій, зняпраўджвае гэтую інфармацыю.

На гэты момант дасягнулі дамоўленасці аб вызваленні будынку міністэрства. Як перадае агенцтва “Інтэрфакс-Украіна”, актывісты «Спільной справы» яго пакідаюць. З’явілася інфармацыя, што яны перабазуюцца ва Украінскі дом.

Актывісты “Свабоды” патлумачылі, што яны вызваляюць будынак Міністэрства аграрнай палітыкі, каб улады наўзамен вызвалілі некалькіх сотняў арыштаваных удзельнікаў акцыяў пратэсту.

С.П. belsat.eu
Стужка навінаў