Ці зменяць еўрапейцы імідж Лукашэнку? Алена Купчына зноў у Бруселі


У святле драматычных падзеяў ва Украіне Аляксандр Лукашэнка губляе імідж апошняга дыктатара Еўропы. Для Захаду гэта шанец наладзіць супрацу з Беларуссю на афіцыйным узроўні без страты твару. Пра што паехала дамаўляцца намесніца міністра замежных справаў Алена Купчына?

Для заходніх бюргераў бязладдзе ў краіне – праблема

Падчас візіту запланаваны шэраг сустрэчаў Алены Купчыной з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі еўрапейскіх інстытутаў. Бакі абмяркуюць шырокае кола пытанняў, якія датычаць узаемадзеяння Беларусі з Еўрапейскім звязам – абмяжоўваецца сухім камунікатам Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Падзеі на Майдане прымушаюць Брусель глядзець на Лукашэнку лагодней.

“Для заходніх бюргераў бязладдзе – праблема. Іх цікавяць стабільныя дастаўкі газу, каб кантралявалася плынь нелегальных мігрантаў і наркатрафік, – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. – Лукашэнка ў гэтай ролі вельмі добра выступае і забяспечвае Еўропе спакой на межах”.

І пра сваю значнасць у гэтым пытанні Лукашэнка заяўляе наўпрост падчас апошняга паседжання Памежнага камітэту 27 студзеня: “Неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць зацікаўленасць ЕЗ у моцнай мяжы. Таму я яшчэ раз паставіў задачу, каб мы дэманстравалі Еўразвязу і сусветнай супольнасці, што Беларусь – краіна, якую трэба любіць, цаніць і паважаць… Яны [Еўразвяз] маюць бачыць, што мы змагаемся з мігрантамі, кантрабандаю, адлоўліваем радыкальныя элементы. Трэба дэманстраваць сваю значнасць, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Давайце грошы, тэхнічныя сродкі – будзем працаваць разам. І цаніце нас як сваіх партнёраў”.

Шанец развязаць беларускі вузел?

“Еўропа цяпер больш пазітыўна глядзіць на аўтарытарны парадак. Аднак пайсці на значныя змены і не страціць твару Захад не можа, пакуль у Беларусі ёсць палітвязні, таму існуе вельмі распаўсюджанае меркаванне, што да пачатку чэмпіянату свету па хакеі іх вызваляць, – мяркуе Аляксандр Класкоўскі. – Але ўжо цяпер можна будзе назіраць ажыўленне ў больш практычных сферах: энергетычнай, транспамежная супраца і г. д. Раней усе прапановы Беларусі клаліся пад бюракратычнае сукно, цяпер яны могуць ажыццявіцца. Прайшоў шок ад Плошчы, еўрапейскія чыноўнікі расчараваліся ў санкцыях, і цяпер вельмі трапны час, каб развязаць беларускі вузел”.

Алена Купчына – нярэдкая госця ў еўрапейскіх структурах нягледзячы на тое, што менавіта яна адмовіла “Белсату” ў акрэдытацыі карэспандэнцкага пункту ў Беларусі.

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў