Вучыцца размаўляць па-беларуску: новы трэнд ці гістарычная неабходнасць?


Аншлагі на курсах беларускай мовы, якія ладзяцца ў сталіцы, паказваюць, што ведаць сваё і вучыцца свайму жадае шмат хто. Наведнікаў праектаў “Мова ці кава” і “Мова нанова” становіцца ўсё болей.

Вывучыць родную мову, сустрэцца з цікавымі людзьмі і, натуральна, паразмаўляць па-беларуску. Менавіта гэткімі жаданнямі кіруюцца сотні менчукоў, якія штопанядзелак увечары імкнуцца трапіць на ўжо папулярныя моўныя курсы.

{movie} Папулярная мова|right|14522{/movie}

НАВЕДНІКІ «МОВЫ ЦІ КАВЫ»:

“Тут можна паразмаўляць па-беларуску, не саромеючыся”.

“У будучым вельмі хачу размаўляць па-беларуску і нават пачну, мабыць, з лета. І гэтыя курсы, як нейкі штуршок, дапамогуць мне”.

“Не хапае ў паўсядзённым жыцці гэтай беларускасці. Няма гэтага і ўсё, а вельмі цягне”.

Імаверна таму курсы і карыстаюцца попытам. Бухгалтары ды аптэкары, банкіры ды праграмісты, архітэктары ды настаўнікі – сюды прыходзяць людзі розных прафесіяў і ўзростаў.

ЮЛІЯ КОЦКАЯ, КААРДЫНАТАРКА КУРСАЎ «МОВА ЦІ КАВА»:

“Нашая мэта такая: каб “Мова ці кава” была ў кожнай школе, каб у кожным офісе адчыняліся курсы, у кожнай вёсцы. Чым нас болей, тым лепш. Мы не ствараем нейкае гета адасобленае: “прыходзьце толькі да нас!”. Мы проста паказваем, што беларуская мова сучасная, стылёвая”.



Курсы “Мова ці кава” зарганізавала журналістка Кацярына Кібальчыч у Маскве для землякоў, якія маюць патрэбу ў беларускамоўных стасунках. Пасля заняткі з’явіліся і ў Менску, дзе, як аказалася, неабходнасць у іх ніякім чынам не меншая.

ВІНЦУК ВЯЧОРКА, МОВАЗНАЎЦА:

“Гэта азначае, што афіцыйная сістэма адукацыі і інфармацыйная прастора не дае людзям дастаткова беларускага і беларускамоўнага імпульсу, і вось яны сябе шукаюць тут”.

І цяпер не толькі тут. Сёлета частка ўдзельнікаў праекту “Мова ці кава” стварыла ўласныя курсы пад назваю “Мова нанова”. І хоць пачынаюцца заняткі ў адзін і той жа дзень і гадзіну, але ў розных месцах, ахвочых прыходзіць не паменела, а наадварот.

НАВЕДНІЦА «МОВЫ ЦІ КАВЫ»:

“Адна пляцоўка была, цяпер іх дзве. Гэта станоўчы момант. І гэтыя дзве пляцоўкі могуць збіраць удвая больш людзей”.

І хоць удзельнікі абедзвюх суполак кажуць, што аніякай канкурэнцыі між імі няма, выглядае, што цяпер менавіта канкурэнцыя спрыяе адраджэнню беларускай мовы.

Курсы ж “Мова нанова” асабліва сталі папулярнымі сярод пачаткоўцаў. Паводле арганізатараў, заняткі ў сярэднім наведваюць па трыста асобаў, а той, хто з розных прычынаў не можа на іх бываць, мае магчымасць вывучаць мову на сайце курсаў у інтэрнэце.

ГЛЕБ ЛАБАДЗЕНКА, ВЫКЛАДЧЫК КУРСАЎ «МОВА НАНОВА»:

“Там мы выкладаем інфармацыю з усіх свежых заняткаў, а таксама выкладаем 20 гатовых заняткаў тэматычных. І да нас ужо прыходзяць водгукі з Італіі, з Амерыкі, з Ізраілю пра тое, што людзі сядзяць і вучаць беларускую мову праз сайт”.

Але ж, зразумела, што жывых заняткаў з вядомымі гасцямі і размовамі інтэрнэту не замяніць. Таму арганізатары абодвух курсаў запрашаюць да сябе не толькі сталых, але і новых наведнікаў. І хто ведае, можа, нехта з іх таксама аднойчы пастановіць адкрыць свае ўласныя курсы беларускае мовы.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў