За пахаваннем Героя Майдану сачылі невядомыя на "Жыгулях" (фота, відэа)


Пад Гомлем, на могілках вёскі Сцяг Працы, пахавалі Міхаіла Жызнеўскага, забітага 22 студзеня на Майдане. Пахаваць маладзёна планавалі а 12-й гадзіне, але толькі каля 7-й гадзіны вечара машына з ягоным целам змагла мінуць беларускую мяжу. Як распавялі ўкраінскія сябры, што везлі Міхаіла на Радзіму, была небяспека пераследу з боку спецслужбаў. Да таго ж занадта доўгай была праверка на беларускай мяжы.
“Беларусь хавае сваіх герояў у цемры”
На пахаванне сабраліся родныя Міхаіла, грамадскія актывісты з Гомля і Менску, журналісты – усіх каля 40 чалавек.
Хаваць маладзёна давялося ўжо пасля заходу сонца. Магілу асвятлялі толькі пражэктары відэааператараў ды фары аўтамабіляў. „Беларусь хавае сваіх герояў у цемры, – адзначыў актывіст Кастусь Жукоўскі. – Ёсць у гэтым вялікая віна ўкраінскага боку, бо ў дзве гадзіны выехалі, і толькі к ночы прыехалі да дому. Гэта ненармальна”.
Шмат хто чакаў на могілках ужо ад поўдня. Нягледзячы на моцны холад і няведанне, калі ж прывязуць цела Міхаіла, прысутныя мелі цвёрды намер дачакацца ахвяру і адначасова героя Майдану, каб аддаць яму апошнюю пашану і пахаваць на роднай зямлі.


Маленькі Майдан на могілках


Калі ўжо цалкам сцямнела, запалілі вогнішча. “Гэта наш маленькі Майдан. Міхаіл загінуў на Майдане, там былі вогнішчы, вось і тут зладзім такую атмасферу”, – было чуваць у натоўпе каля вогнішча.
Над вогнішчам луналі бел-чырвона-белыя сцягі, блакітна-жоўтыя палотнішчы Украіны, сцяг “Маладога фронту”. “Нейкая сюррэалістычная атмасфера”, – казалі некаторыя.
{movie}Пахаванне Міхаіла Жызнеўскага |right|14524{/movie}
У апошні шлях – пад гукі роднай мовы і пад бел-чырвона-белым сцягам
Міхаіла прывезлі на могілкі каля 19.30. Маці выйшла з машыны са слязамі на вачах, з роспаччу падышла да магілы. “Куды ж ты сыходзіш, родны сынок? – паўтарала яна. – Гэта я павінна там ляжаць, а не ты. Я не хачу жыць…”
Айцец Леанід Акаловіч з Менску, святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, правёў адпяванне на беларускай мове. Пасля была хвілінка на развітанне з Міхаілам. У труне маладзён быў накрыты сцягам арганізацыі УНА-УНСО, у якую ўваходзіў пры жыцці. Калі труну закрылі, яе накрылі бел-чырвона-белым сцягам, і так апусцілі ў зямлю.
Пасля пахавання, каля магілы, абстаўленай дзесяткамі вянкоў і знічаў, на калені апусціўся мужчына і амаль шэптам казаў: “Навошта ты туды палез? Навошта гэтая палітыка табе спатрэбілася?” Гэта быў адзін з блізкіх Міхаіла.
Бацька загінулага хлопца выказаў сумненні, што ўкраінскія ўлады правядуць аб’ектыўнае расследаванне ды знойдуць вінаватых у забойстве ягонага сына.
{movie}Ці пакараюць забойцу Міхаіла Жызнеўскага? |right|14521{/movie}
За пахаваннем сачылі невядомыя на “Жыгулях”
На зваротным шляху некаторыя з аўтамабіляў, што ехалі з пахавання, спыняў супрацоўнік ДАІ і правяраў дакуманты, маўляў, звычайная праверка на дарозе. Побач з ДАІшнікам стаялі некалькі чалавек у цывільным.
Яшчэ перад тым, як прывезлі Міхаіла, да могілак пад’ехалі невядомыя “Жыгулі” і спыніліся непадалёк. Актывісты вырашылі пацікавіцца, хто прыехаў і не адважваецца выйсці з машыны. Але аўто ад’ехала, калі актывісты пачалі да яго падыходзіць. Пасля пахавання гэтыя самыя “Жыгулі” стаялі на выездзе з вёскі.
Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў