Васіля Парфянкова адправяць у калонію строгага рэжыму


Менскі гарадскі суд адхіліў касацыйную скаргу былога палітзняволенага Васіля Парфянкова на вырак суда Першамайскага раёну і пакінуў у сіле пастанову першай інстанцыі. Суд не засмуціла блытаніна ў паказаннях міліцыянтаў-сведкаў і фармальнасць экспертызаў.

Першамайскі суд прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду: неаднаразовая няяўка для рэгістрацыі ў аддзяленне міліцыі, вяртанне дахаты пасля 20.00. Парфянкова прыгаварылі да 1 года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму з прымусовым лячэннем ад хранічнага алкагалізму на месцы адбыцця пакарання.

Падчас сённяшняга судовага пасяджэння адвакатка актывіста Вольга Безбародкіна заявіла, што рашэнне суда Першамайскага раёну неабгрунтаванае, бо, на думку ейнага падабароннага, гэты прысуд быў вынесены за актыўную грамадзянскую пазіцыю, а ў аснову судовага рашэння былі пакладзеныя толькі паказанні сведак – працаўнікоў міліцыі. Паводле адваката, падчас суда першай інстанцыі яны настолькі «блыталіся ў паказаннях», што суду прыйшлося зачытваць іхныя словы.

Акрамя таго, адвакатка заявіла хадайніцтва аб правядзенні стацыянарнай наркалагічнай экспертызы, бо, на думку Парфянкова, папярэдняе амбулаторнае абследаванне было праведзенае «чыста фармальна». Менавіта выснова гэтай лабараторнай экспертызы зрабілася падставаю для прызначэння Парфянкову прымусовых захадаў бяспекі ды лячэння. Аднак суд адхіліў гэтае хадайніцтва.

У сваю чаргу, пракурор не згадзілася з довадамі абароны, заявіўшы, што суд першай інстанцыі поўна і ўсебакова даследаваў матэрыялы справы. Яна звярнула ўвагу на тое, што бок абароны не аспрэчваў медычнага заключэння лабараторнай экспертызы ў судзе першай інстанцыі.

Цяпер апазіцыйнага актывіста трымаюць у следчым ізалятары ў Жодзіне (Менская вобласць). Праваабаронцы лічаць, што адбываць пакаранне ён будзе ў папраўчай калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць).

У 2011 годзе Васіль Парфянкоў быў асуджаны ў межах крымінальнай справы аб масавых закалотах у Менску 19 снежня 2010 года. Яго прыгаварылі да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, але ў жніўні таго ж года асуджаны выйшаў на волю на падставе ўказу прэзідэнта аб памілаванні. Пасля гэтага былы палітзняволены неаднаразова зазнаваў пераслед з боку ўладаў.

Пераслед былога палітзняволенага праваабаронцы разглядаюць як помсту ўладаў і спробу ціску на грамадскіх актывістаў.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў