МЗС абяцае падтрымаць абаронцаў жывёлы


Прадстаўнікі зааабарончых арганізацыяў, якія ў снежні звярнуліся ў Міністэрства замежных справаў з прапановаю далучыцца да канвенцыяў Рады Еўропы ў абароне жывёлы, атрымалі адказ ад гэтага ведамства. МЗС абяцае падтрымаць гэтую ініцыятыву, калі актывістам удасца дамагчыся пазітыўнай рэакцыі профільных ведамстваў.

«Спачатку закон, потым – еўрапейскія стандарты»

У сваім адказе Міністэрства замежных справаў інфармуе, што не можа самастойна прыняць рашэння аб далучэнні Беларусі да еўрапейскіх канвенцыяў абароне жывёлы, бо гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю МЗС. «У сувязі з гэтым рэкамендуецца зацікаўленым грамадскім арганізацыям весці працу ў дадзеным пытанні ў першую чаргу з дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь, якія непасрэдна закліканыя займацца вырашэннем праблемаў, якія вы ўзнялі», – гаворыцца ў лісце МЗС.

Актывісты сямі зааабарончых арганізацыяў («Заашанец», «КіС», «Суперкот», «Беларуская партыя «Зялёныя», «Цэнтр «Супольнасць», «Ахова птушак Бацькаўшчыны», «Парытэт») гатовыя выступіць як прадстаўнікі грамадскасці ў прасоўванні ідэі аб далучэнні Беларусі да еўрапейскіх канвенцыяў у абароне жывёльнага свету. МЗС жа абяцае «неабходнае судзеянне», калі далучэнне да Канвенцыі Рады Еўропы ініцыююць менавіта гэтыя «профільныя» органы.

Аднак, як паведамляе МЗС, «першачарговаю задачаю ў гэтай сферы на дадзеным этапе ёсць распрацоўванне адпаведнага нацыянальнага заканадаўства».

Колькі яшчэ скуралупаў трэба?

Адна з ахвяраў Адна з ахвяраў “менскага скуралупа”Актывісты ўжо некалькі гадоў дамагаюцца стварэння эфектыўнай сістэмы аховы жывёлінаў. У 2011 годзе Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект «Аб абыходжанні з жывёлаю», аднак ён быў адкліканы праз прапановы ўвесці крымінальную адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёлінамі. З такім узмацненнем адказнасці была не згодная Генпракуратура.

Пытанне абароны жывёлінаў у Беларусі прыцягнула ўвагу грамадскасці пасля шэрагу гучных здарэнняў. Гэтак, у 2012 годзе працаўнік рыбгасу дзеля грошай скалечыў 28 птушанятаў баклана. Ён адразаў ім верхнія часткі дзюбаў, каб здаць іх у рыбгас за ўзнагароджанне. За гэта яму прысудзілі штраф Br 2,5 млн.

У чэрвені 2013 года беларускія медыі апублікавалі відэа, як на адной з гаспадарак жывую карову грузяць у цяжкавік з дапамогаю каўша. Пры гэтым жывёліна падае ў кузаў з вышыні каля двух метраў.

Праз тры месяцы ў Менску з’явіўся невядомы скуралуп – валанцёры знаходзілі ягоных ахвяраў. Каты і сабакі мелі цяжкія траўмы: выкалатыя вочы, абрэзаныя хвасты, зламаныя лапы, знятыя з жывых кавалкі скуры.

Адметна, што МЗС самастойна адрэагавала на рэзананс, выкліканы ў беларускім грамадстве інфармацыяй пра «менскага скуралупа» і выступіла з ініцыятываю ўзмацніць пакаранне за жорсткае абыходжанне з жывёлінамі. Паводле ведамства, у Беларусі пакаранне за негуманнае стаўленне да жывёлінаў «значна мякчэйшае» за тое, што ўжываецца ў большасці еўрапейскіх дзяржаваў.

Закон пра абарону жывёлы – толькі ў 2015?

У 2013 годзе МЗС унесла прапановы ў Адміністрацыю прэзідэнта адносна вызначэння прававых асноваў абыходжання з жывёлінамі ды ўзмацнення адказнасці за негуманнае абыходжанне з імі. Цяпер Нацыянальнаму цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў даручана супольна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі вывучыць мэтазгоднасць уключэння ў праект плану падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год праекту Закону, які вызначыць прававыя асновы абыходжання з жывёлаю. Таксама вывучаецца мэтазгоднасць узмацнення адказнасці за негуманнае стаўленне да жывёлінаў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў