Здымачная група фільму «Авель» апасаецца правакацыяў на «Плошчы»


У Менску пачнуць здымаць сцэны масавых акцыяў пратэсту для кінапраекту «Авель». Падзеі будуць разгортвацца, як і ў рэчаіснасці, ля будынку ўраду. Прадзюсар кінастужкі Юрый Ігруша папярэдзіў, што «ў выпадку правакацыяў» выклічуць міліцыю.

Кінастужку «Авель» ствараюць на замову Міністэрства культуры, на яе выдзелілі больш як Br 20 млрд рублёў ($ 2,17 млн долараў). Яна распавядае пра разлад і ўз’яднанне двух братоў у кантэксце падзеяў сучаснай Беларусі. Рэжысёр-пастаноўшчык карціны — амерыканскі каскадзёр і пастаноўшчык трукаў Ўільям дэ Віталь, які ёсць выхадцам з Украіны.

Праца над зімовым этапам здымак фільму будзе весціся ў Менску, яна працягнецца да 8 лютага. Далей пачнецца падрыхтоўка да вясновага блоку здымкаў, які пройдзе з красавіка да траўня ў Менску і, верагодна, у некалькіх іншых гарадах Беларусі. Гэтак, напрыклад, разглядаюцца здымкі асобнай сцэны на БелАЗе. У другой палове сакавіка здымачная брыгада адправіцца ў ЗША, дзе будуць знятыя сцэны з удзелам галівудскіх зорак. Здымкі завершацца ў траўні, пасля чаго пачнецца мантаж і постпрадакшн, які скончыцца да канца жніўня.

У фільме будуць прысутнічаць эпізоды, дзеянні якіх разгортваюцца на фоне масавай дэманстрацыі ў Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Гэты факт летась даў нагоду інтэрнэт-супольнасці назваць «Авель» своеасаблівым адказам на польскі фільм «Жыве Беларусь» Кшыштафа Лукашэвіча паводле сцэнарыя апазіцыйнага актывіста Франака Вячоркі.

Праца над гэтымі эпізодамі запланаваная на 30 студзеня – 2 лютага. Здымкі будуць весціся на праспекце Незалежнасці, пачынаючы ад Кастрычніцкай плошчы і да плошчы Незалежнасці, пераважна ўвечары і ноччу. Гэтак, у першыя два здымачныя дні на пляцоўцы задзеюць 500 чалавек, а ў астатнія дні – да 4000 чалавек.

«Як і любая здымачная група, мы звяртаемся да Службы бяспекі прэзідэнта, распісваем, дзе і што будзе адбывацца, і атрымліваем дазвол, – растлумачыў Ігруша. – Нам аказваецца дапамога і падтрыманне МУС, рух будзе рэгуляваць ДАІ, але ніякіх турнікетаў не прадугледжваецца».

Паводле прадзюсара, усё, што адбудзецца на здымачнай пляцоўцы, будзе «ў межах закону», таму, калі хтосьці паспрабуе яго парушыць, то ў дачыненні яго «будуць прымацца захады». «Калі на здымачную пляцоўку прыйдуць хуліганы і пачнуць учыняць правакацыі, то, зразумела, будзе выкліканая міліцыя, як гэта зрабіла б любая здымачная група – беларуская, расейская ці амерыканская, закон ёсць закон», – папярэдзіў Ігруша.

«Гэта не рэканструкцыя падзеяў. Гэты сюжэт патрэбны нам толькі як фон для дзеяння нашых герояў у драматычнай сітуацыі. Яны проста трапілі ў гэты час і месца, а для гэтага нам трэба стварыць увесь фон, якім ён быў у той падзеі, і то з мастацкімі дапушчэннямі», – дадаў ён.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў