У Кіеве чакаюць новага бою. Еўрамайдан зачысцяць 10 тыс. сілавікоў?


Улады рыхтуюцца да чарговае зачысткі Еўрамайдану з удзелам 10 тыс. сілавікоў, агучыў адзін з сябраў партыі «Бацькіўшчына», спаслаўшыся на крыніцы ў Міністэрстве ўнутраных справаў Украіны. Падрабязней з Кіева – Аляксандр Баразенка.



Аперацыя «Хвіля» мусіць выгнаць пратэстоўцаў з месцаў, якія яны кантралююць. Грамадзянскі супраціў адступаць намеру не мае.

{movie}У Кіеве чакаюць новага бою. Еўрамайдан зачысцяць 10 тысяч сілавікоў? |right|14495{/movie}

На вуліцы Грушэўскага ўсталявалася зацішша. Мітынгоўцы займаюцца прыбіраннем тэрыторыі ды ўзмацняюць барыкады. Асноўная ж барацьба перамясцілася ў рэгіёны, дзе грамадзяне з рознаю ступенню поспеху атакуюць адміністрацыйныя будынкі.

Лідары апазіцыйных партыяў заявілі пра гатовасць працягваць перамовы з уладаю, каб перадухіліць эскалацыю канфлікту і захаваць адзінства краіны. У Штабе нацыянальнага супраціву падкрэсліваюць – дыялог патрэбен, нягледзячы на курс уладаў увесці надзвычайнае становішча. Пакуль стварылі дакумент, які мае стрымаць гвалт і не давесці да каменданцкай гадзіны. Сябра Партыі рэгіёнаў зарэгістраваў у Вярхоўнай Радзе праект пастановы аб датэрміновых выбарах у парламент – пасля зменаў у Канстытуцыю краіны.



Вачамі беларускіх журналістаў сітуацыя ў паўднёвай суседцы Беларусі выглядае страшна, але віною таму – акурат беркутаўцы. Жорсткасць сілавікоў журналісты «Белсату» адчулі на сабе – у Чаркасах.

У выніку сутыкнення з беркутаўцамі Сяргею Марчыку наклалі 11 швоў. У Юрася Высоцкага падазрэнне на струс мозгу. Тэхніку і ўвесь адзняты матэрыял у калегаў адабралі працаўнікі «Беркута».

Сёння ж уначы актывісты руху «Спільна справа» захапілі чарговы адміністрацыйны будынак у Кіеве – Міністэрства юстыцыі.



Заўтра у Вярхоўнай радзе адбудзецца пазачарговае паседжанне, якое можа стаць крокам да ўрэгулявання канфлікту. Але на кіеўскіх барыкадах палітыкам ужо не вераць ды адзінае, чаго чакаюць ад новага дня, – гэта новага бою.

Аляксандр Баразенка, belsat.eu

Стужка навінаў