Бабруйск: завод спужаўся галадоўкі, са Свабодным прафсаюзам пачнуцца перамовы


Распачаць галадаванне старшыня СПБ на Заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА) Міхаіл Кавалькоў хацеў ужо сёння. Аднак адміністрацыя прызнала дыскрымінацыю прафсаюзу і запрапанавала дыялог.

Перамовы пачнуцца ўжо на гэтым тыдні – пра гэта дамовіліся Міхаіл Кавалькоў і намеснік дырэктара заводу ТДіА у ідэалагічнай працы Уладзімір Елісеенка падчас сустрэчы 24 студзеня.

Як распавёў спадар Кавалькоў, намеснік дырэктара паабяцаў на бліжэйшай планёрцы аб’явіць усім начальнікам цэхаў, каб яны спынілі пераслед сябраў Свабоднага прафсаюзу. Сябрам СПБ вернуць доступ у фізкультурны комплекс, якога іх пазбавілі новаю калектыўнаю дамовай, разгледзяць пытанне з памяшканнем для прафсаюзу, а Міхаілу Кавалькову разблакуюць пропуск на завод.

Пра пачатак дыялогу завод паведаміў на сваім сайце. У паведамленні адзначаюць, што атрымалася дасягнуць «дамоўленасці пра пачатак трохбаковых перамоваў дзеля разгляду пытанняў, што датычаць узаемадзеяння прафсаюзных арганізацыяў і наймальніка ў межах сацыяльнага партнёрства і выпрацоўкі пастановы для ўнясення зменаў і дадаткаў у “Калектыўную дамову на 2013–2016 гады”».

Перамовы як падлашчванне перад місіяй Міжнароднай арганізацыі працы?

Міхаіл Кавалькоў: “Я ўпэўнены: не было б майго ліста, папярэджання аб галадоўцы – не было б і сустрэчы”

Міхаіл Кавалькоў упэўнены, што штуршком да перамоваў сталіся ягоныя лісты, высланыя ў шэраг інстанцыяў у сярэдзіне студзеня. Спадар Кавалькоў падрабязна апісаў сітуацыю вакол Свабоднага прафсаюзу і накіраваў лісты, сярод іншага, дырэктару ТДіА, дырэктару Менскага трактарнага заводу, міністру прамысловасці, міністру працы і сацыяльнай абароны. У лістах Міхаіл Кавалькоў выстаўляў шэраг патрабаванняў для Свабоднага прафсаюзу, у выпадку невыканання якіх абяцаў пачаць галадаванне ўжо сёння, 27 студзеня.

«Я ўпэўнены: не было б майго ліста, папярэджання аб галадоўцы – не было б і сустрэчы, – зазначае Міхаіл Кавалькоў. – Я ўпэўнены таксама, што гэта не ініцыятыва адміністрацыі заводу. Бо гэтыя патрабаванні я выказваў даўно, адпраўляў лісты, пачаць галадоўку я абяцаў яшчэ ў лістападзе – ніякай рэакцыі не было».

Прафсаюзны лідар мяркуе, што адрэагаваць на лісты прымусіў візіт у Беларусь кантактнай місіі Міжнароднай арганізацыі працы, які адбудзецца заўтра, 28 студзеня. Цалкам магчыма, дапускае Міхаіл Кавалькоў, што пасля ад’езду місіі ўсе перамовы скончацца.

«Цяпер усё залежыць ад адміністрацыі заводу. Калі яны захочуць сапраўды развязаць гэты канфлікт, гэта атрымаецца. З нашага боку мы адкрытыя на дыялог, – падкрэслівае старшыня СПБ. – Але калі ўсе іхныя прапановы – толькі на час знаходжання ў Беларусі місіі МАП, каб зрабіць бачнасць, нібы яны ідуць насустрач, то на гэтым можа ўсё скончыцца, як місія з’едзе. Як будзе далей, цяжка сказаць. Прагназаваць можна было б у нармальнай дэмакратычнай дзяржаве з вяршэнствам закону».

Адміністрацыя заводу кідае слухаўку

Дырэктар заводу Аляксандр Аграновіч адмовіўся даваць каментар праз тэлефон. Ягоны намеснік у ідэалагічнай працы Уладзімір Елісеенка адзначыў, што старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў «не так яго зразумеў падчас сустрэчы». Як трэба было яго разумець, патлумачыць адмовіўся.

Свабодны прафсаюз на Заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску апошнія некалькі гадоў вымушаны весці сапраўдную вайну за ўласнае права на існаванне і за правы сваіх сябраў на годную працу, пра што неаднаразова пісаў «Белсат».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў