STARавіны. У абдымках навукова-тэхнічнага прагрэсу


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.



Для пачатку прывяду жарт-размову дзвюх асобаў, надрукаваны ў газеце «Наш край»: «–Пойми ты, Миколай Миколаевич, что теперича во всём, что ни есть, прогресс этот самый… Что называется, куда ни сунь, везде ен… Скажем трамвай или автомобиль… Большой башки требует…

–И не говори, Варсонофий Ильич… Допреж, примерно, все по земле ходили да ездили, а теперича инда на воздух норовят… Допреж люди были, а теперь все Цеппелины какие-то пошли… Или возьмём синематограф этот… легко сказать, хфотография партрет один, а бежит и руками машет…»
(№ 49, с. 1).

Я разумею гэтых суразмоўцаў. Сам дзіўлюся, колькі за маё 57-гадовае жыццё з’явілася тэхнічных навінак: персанальны камп’ютар, мабільны тэлефон, смартфон і д. п., антэна-талерка, інтэрнэт і «Skype». Я і мае аднагодкі былі ў такім жа становішчы, як людзі сто гадоў таму, калі з’яўляліся звычайныя для нас, сённяшніх, наступныя рэчы.

Аўтамабілі, пра якія мы пагаворым іншым разам, і лакамабілі – перасоўныя ці стацыянарныя парасілавыя ўстаноўкі, якія выкарыстоўвалі як сілавую машыну або крыніцу пары ў сельскай гаспадарцы ды на невялікіх прамысловых прадпрыемствах.

Тэлефон. Напрыклад, у Берасці тэлефонную сетку будавала Варшаўскае таварыства электрычнага абсталявання Міянчынскага, Дзержаноўскага і Вэнглера. Гарадская дума 28 сакавіка 1906 года пастанавіла выдаць пасведчанне на права канцэсіі на пабудову і эксплуатацыю тэлефоннай сувязі ў горадзе Берасці. У 1912 годзе абаненты ўжо скардзіліся на «адміністрацыю тэлефонаў»: «Не гаворачы аб тым, што вас не злучаюць з тым, з кім вы патрабавалі, што ў самы цікавы момант размовы вас раз’яднаюць або, палучыўшы з кімсьці, ні за што не хочуць раз’яднаць – цяпер станцыя проста не адказвае на ваш званок: дабіцца станцыі вам удаецца толькі пасля 4-х–5-ці званкоў» («Наш край», 1912, № 115, с. 3).

Ровар. Газета «Наше утро» рэкламавала знакаміты ровар «Dux», які ў Горадні можна было набыць у памяшканні прадстаўніка фірмы на вуліцы Саборнай, насупраць гатэлю «Славянскі» (№ 164, с. 4).

Друкарка «Эрыка». У пачатку 1980-х я пісаў на ёй кандыдацкую дысертацыю, а толькі цяпер даведаўся, колькі ёй гадоў. У 1912 годзе рэклама называла яе «апошнім словам тэхнікі»: складная яна была, «запатрабаваная ў дарозе для паноў ваяжэраў і для войск у паходзе», «лёгкая, трывалая, зграбная» («Наш край», 1912, № 115, с. 4).

Аэрапланы. З паведамленняў газетаў беларускія чытачы маглі даведацца пра дзейнасць афіцэрскай паветрана-плавальнай школы, якая давала тэарэтычныя і практычныя веды пра палёты на аэрапланах. На аэрадромах у Гатчыне і каля Пецярбургу былыя афіцэры інжынерных войскаў вучыліся лятаць на аэрапланах Фармана і Блер’ё, зробленых на расейскіх заводах («Наш край», 1912, № 33, с. 2).

З «Могилёвского вестника» вядома, што існавала Таварыства распаўсюду тэхнічных ведаў, якое між іншым арганізоўвала падарожжы за мяжу. У 1913 годзе запісаліся 1600 асобаў (на 500 болей, чымся ў 1912 годзе), з якіх 60 % – настаўнікі. Найпапулярнейшы маршрут – італьянскі, 600 асобаў (1913, 13(26).04, с. 3).

Вячаслаў Швед для belsat.eu

Стужка навінаў