«Беркут» збіў журналістаў «Белсату» ў Чаркасах


Здымачную групу «Белсату» – журналіста Юрася Высоцкага і аператара Сяргея Марчыка – збілі ды ўтрымлівалі ў Чаркасах (Украіна). У журналістаў забралі тэхніку.

{movie}Разгон Аўтамайдану ў Чаркасах|right|14481{/movie}

Юрася Высоцкага даставілі ў Сасноўскі РАУС. Сяргей Марчык са страсеннем мозгу трапіў у шпіталь на вуліцы Р. Люксембург 210. На калідорах у шпіталі ўвесь час была міліцыя. Сяргею больш як 4 гадзіны не зашывалі раны, моцна разбітая галава. Падчас акцыі Сяргей да апошняга працягваў здымаць, але ўсе здымкі забралі.

У Юрася, якога схапіла мясцовая міліцыя, праўдападобна, таксама страсенне мозгу, бо ён кепска пачуваецца, скардзіцца на кружэнне галавы.

«Беркут мэтанакіравана «працаваў» па журналістах», – гаворыць карэспандэнт «Белсату», які пацярпеў падчас разгону маніфестантаў у Чаркасах.

Сяргей і Юрась здымалі вялікі рэпартаж аб пратэстах і працы журналістаў, гэтак і аказаліся ў Чаркасах на акцыі Аўтамайдану.

Вось, як пра акцыю ў Чаркасах піша ў сваім «Facebook’у» актывіст Мікалай Ляховіч: «Толькі што ў Чаркасах цітушкі падставілі Кіеўскі Аўтамайдан. Толькі госці са сталіцы пачалі выходзіць з аўтамабіляў, дзясятак мясцовых, якія іх чакалі, кінуліся граміць Чаркаскую аблраду. …Праз некалькі хвілінаў адзін з мясцовых даў каманду сваім, і яны ўсім дзясяткам хутка пабеглі справа ад аблрады ў двары. Толькі цітушкі, замаскаваныя пад мясцовых актывістаў, схаваліся ў дварах, як з левага боку аблрады выскачыў «Беркут» і пачаў біць усіх запар, хто стаяў на плошчы. Ёсць затрыманыя і траўмаваныя. Машыны аўтамайданаўцаў «Беркут» разбіў».

Паведамляюць, што пацярпелі таксама журналісты «Інтэру», «5 каналу» і мясцовай тэлевізіі.

Нашыя журналісты былі акрэдытаваныя як працаўнікі польскага тэлебачання TVP, структурнаю адзінкай якога ёсць «Белсат».

belsat.eu

Стужка навінаў