Дзяржава забылася пра 20-ыя ўгодкі смерці Алеся Адамовіча? (абноўлена)


20 гадоў таму, 26 студзеня, пайшоў з жыцця пісьменнік Алесь Адамовіч, якога ў свеце лічаць адным з найлепшых празаікаў ХХ стагоддзя і называюць сумленнем беларускае нацыі. Неабыякавыя бабруйчане ўскладуць кветкі да магілы літаратара ў ягонай роднай вёсцы Глуша. На дзяржаўным узроўні ніякіх памятных імпрэзаў не ладзяць.



«Шок, калі чытаеш Адамовіча»

Бабруйскія актывісты ўшанавалі памяць Алеся Адамовіча ў 20-ую гадавіну ягонае смерці. Да чацвярых бабруйчанаў далучыліся старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, старшыня Глушанскага пасялковага савету Марына Сушчанка, бібліятэкар і завуч Глушанскай сярэдняй школы. Усе разам запалілі знічы ды ўсклалі кветкі да магілы пісьменніка, што каля вёскі Глуша на Бабруйшчыне.

«Алесь Адамовіч шмат пісаў пра нашае бабруйскае наваколле, ягоная спадчына – гэта той кавалак культуры, які ў першую чаргу нам, бабруйчанам, належыць, – зазначыў бабруйскі краязнаўца Ігар Ткачоў. – Адамовіч вельмі глыбока даследаваў тое, што ў чалавеку рабілася, у тых жа «Карніках» бачыш, што свет не толькі чорны ці белы. Адамовіч вельмі глыбока гэта ўзяў, і так глыбока, што гэта нечакана, гэта шок, калі чытаеш. І таму нам важна памятаць».

Наталля Адамовіч: Ён даследаваў чалавечую душу ў скрайніх сітуацыях



«Пахвілінна памятаю, як тады ўсё адбывалася, хоць і дваццаць гадоў ужо прайшло, – распавяла Наталля Адамовіч пра смерць свайго бацькі. – Заўсёды для мяне гэты дзень, 26 студзеня, цяжкі. Заўжды ўспамінаю, і гэта, напэўна, са мною будзе ўжо да канца жыцця».

Тады, у 1994 годзе, шмат людзей прыехала развітацца з пісьменнікам і ў Менск, і ў вёску Глуша ў Бабруйскім раёне. Сёлета Наталля Адамовіч спадзяецца зладзіць прэзентацыю чатырох новых выданняў бацькавых твораў, два з якіх ужо выйшлі, а яшчэ два – чакаюцца неўзабаве. Гэта будуць публікацыі «Блакаднай кнігі» і «Карнікаў» з ілюстрацыямі беларускага мастака Арлена Кашкурэвіча.

Улетку 2013 года цалкам нечакана для Наталлі Адамовіч у Лондане выйшла на англійскай мове «Хатынская аповесць». Тады ж амерыканскі гісторык Тымаці Снайдэр (Timothy Snyder) у рэцэнзіі ў прэстыжным часопісе «Times literary supplement» адзначыў: «У беларускай літаратуры ёсць твор, які ўваходзіць у шорт-ліст найлепшых раманаў свету ХХ стагоддзя».

А зняты паводле «Хатынскай аповесці» фільм «Ідзі і глядзі» еўрапейскія кінаэксперты ўлучылі ў спіс «50 фільмаў, якія трэба паспець паглядзець перад смерцю».

На думку Наталлі Адамовіч, працы ейнага бацькі ніколі не страцяць актуальнасці не толькі для беларусаў, але і для свету: «Яго цікавіла душа чалавека, якая, паводле Дастаеўскага, якога ён так любіў, можа апускацца ў цемру і падымацца назад. І кніжкі свае ён жа не проста так пісаў, а вывучаў у іх гэтую душу чалавечую – душу ахвяры ці карніка, як заставацца чалавекам у скрайняй сітуацыі. Ён заўсёды казаў, што карнік – гэта не нацыя, яны будуць ува ўсе часы. Трэба толькі перакрочыць нейкую рысу… Паглядзець на тое, што робіцца цяпер ва Украіне, і зразумееш, што тыя ж «Карнікі» будуць актуальнымі заўсёды».

Для Наталлі Адамовіч галоўнае, каб кнігі бацькі выдаваліся надалей, бо так яго будуць чытаць і памятаць.

Адкрыцця музею давядзецца яшчэ пачакаць



Спадарыня Наталля 15 гадоў змагаецца за адкрыццё музею Алеся Адамовіча ў Глушы, што ў Бабруйскім раёне. Нарэшце ёсць згода Магілёўскага абласнога выканкаму і нават вылучылі Br 380 млн з бюджэту, як распавёў старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Цяпер распрацоўваюць праект музею. Паводле спадара Астаповіча, калі гэтая праца не замарудзіцца – ужо сёлета можна будзе прыступіць да рэканструкцыі будынку, а ў 2015 годзе адкрыць экспазіцыю.

Алесь Адамовіч (3 верасня 1927 г.–26 студзеня 1994 г.) – пісьменнік, публіцыст, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч, гуманіст. У сваіх творах падымаў найвастрэйшыя пытанні штодзённага жыцця чалавека, якія ўлады звычайна імкнуліся змаўчаць. Ягонаму пяру належаць творы «Я з вогненнай вёскі» (у суаўтарстве), «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга», сцэнары для фільмаў «Ідзі і глядзі», «Сыны ідуць у бой», «Вайна пад стрэхамі». Значнаю часткаю дзейнасці Алеся Адамовіча было змаганне супраць ядравай зброі, а таксама за адкрыццё праўды пра Чарнобыльскую катастрофу і пераадоленне яе наступстваў.

Старшыня Таварыства аховы помнікаў адзначыў, што грошай, вылучаных з бюджэту, недастаткова на ўсе працы, таму цяпер шукаюць дадатковыя сродкі. Дапамагае таксама спонсар – беларус, які жыве за мяжою, але пакуль не адгукаецца.



Музей размесціцца ў будынку былой аптэкі, дзе працавала маці Алеся Адамовіча, і будзе насіць назву «Вайна пад стрэхамі». Бабруйскія ўлады неяк прапаноўвалі знесці дом, а замест яго пабудаваць сучасны.«Але я настаяла, каб заставаўся гэты, бо калі новы, то ўжо няма сэнсу, павінна быць аўра тых часоў», – мяркуе Наталля Адамовіч.

Творчасць Алеся Адамовіча не ўваходзіць у школьную праграму па беларускай літаратуры, а цягам апошніх гадоў не вывучаецца нават на пазакласным чытанні.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў