Пратэстоўцы ў Кіеве занялі Украінскі дом. Там будзе прэс-цэнтр і пункт абагрэву (абноўлена)


Лідары апазіцыі задаволеныя тым, што пераход у рукі мітынгоўцаў кангрэс-цэнтру Украінскага дому адбыўся без кровапраліцця. Мітынгоўцы плануюць размясціць ва Украінскім доме пункт для абагрэву і прыёму харчоў.

«Думаю, што тут размесцяць прэс-цэнтр для журналістаў, а таксама пункт для прыёму харчоў і абагравання тых сотняў, якія мы не можам размясціць у доме прафсаюзаў», – паведаміў камендант Украінскага дому Аляксей Якушэўскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што доступ на 4-ы і 5-ы паверхі Украінскага дому, дзе размешчаныя фонды і архіў Музею гісторыі Кіева, будуць зачыненыя: там захоўваюцца матэрыяльныя каштоўнасці музею.



Калі пратэстоўцы занялі будынак, некаторыя дзверы ў сховішча былі адчыненыя. Мяркуюць, што гэта зрабілі міліцыянты, якія былі ноччу ва Украінскім доме.

Учора вечарам сярод пратэстоўцаў распаўсюдзілася інфармацыя, што ў будынку – сілавікі, якія могуць атакаваць барыкады на вуліцы Грушэўскага ў выпадку зачысткі тэрыторыі.

Пратэстоўцы заблакавалі будынак пасля спробаў паламаць дзверы ды трапіць унутр. Пад дзвярыма Украінскага дому сабраліся некалькі сотняў чалавек. Раздаюцца гукі выбухаў і час ад часу ўзнікае пара, як ад распылення газу. Чутныя крыкі.

Актывісты скандавалі «Выходзьце!»,«Кіеў, уставай!» і «Банду прэч!». Пратэстоўцы таксама разбілі вокны ды запусцілі некалькі піратэхнічных ракетаў, якія падарваліся ўнутры. З будынку штурмавікоў палівалі вадою.

Прыблізна а 5:00 міністр унутраных справаў Украіны Віталь Захарчанка пастанавіў вывесці групу рэзерву праваахоўнікаў, якія, паводле яго, адпачывалі ва Украінскім доме. Міністр прыняў такую пастанову, каб не перашкаджаць працэсу перамоваў паміж Віктарам Януковічам і апазіцыяй.

У МУС, аднак, сцвярджаюць, што «мэтаю мітынгоўцаў было ўзяцце ў палон праваахоўнікаў, каб потым іх абмяняць на актывістаў Майдану, якія застаюцца за кратамі».

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua, interfax.com.ua
Стужка навінаў