Адказ Януковічу: Апазіцыя гатовая кіраваць Украінаю, але на сваіх умовах


Украінскія апазіцыянеры адкінулі прапанову Віктара Януковіча ачоліць урад. Клічко настойвае на датэрміновых выбарах, Яцэнюк кажа агульна пра «новую ўладу».

Лідар партыі «УДАР» Віталь Клічко заявіў са сцэны на Майдане незалежнасці: «На нашае патрабаванне адмяніць «дыктатарскія законы» Януковіч адказаў толькі прапановаю ўнесці змены ў іх. Нашая выразная пазіцыя – адмяніць гэтыя законы і кропка! Нашыя патрабаванні – правядзенне прэзідэнцкіх выбараў сёлета. І мы не адступаем. Мы трымаем нашыя пазіцыі на Майдане і ў рэгіёнах. Экстрэмістаў тут няма! Мы мірныя людзі, якія адстойваюць свае правы ды свае патрабаванні».

«Перамовы працягваюцца, і мы не паддаемся на ніякія правакацыі», – дадаў лідар «УДАРУ».

Апазіцыя гатовая ўзяць на сябе адказнасць за далейшы лёс краіны ды можа прыняць прапанову прэзідэнта Януковіча адносна пасадаў у Кабінеце Міністраў. Але перамовы будуць працягвацца, пакуль улада не выканае патрабаванняў Еўрамайдану, заявіў лідар фракцыі «Батьківщина» Арсеній Яцэнюк: «Януковіч прапанаваў апазіцыі ўзначаліць урад. Які наш адказ? Ці гатовыя мы ўзяць гэтую адказнасць на сябе? Мы не баімся адказнасці за лёс краіны. Мы прымаем гэтую адказнасць, мы гатовыя весці Украіну ў ЕЗ, адказнасць, якая прадугледжвае вызваленне Юліі Цімашэнкі, якая прадугледжвае Украіну як частку Еўропы».

Яцэнюк назваў 5 патрабаванняў да Януковіча: вызваленне ўсіх затрыманых пратэстоўцаў; іхная амністыя; адмена законаў, прынятых 16 студзеня; змена ўладаў; вяртанне да Канстытуцыі 2004 года. Ці патрабаванне новых уладаў азначае датэрміновыя прэзідэнцкія выбары ці толькі змену ўраду, Яцэнюк не ўдакладніў.

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua
Глядзі таксама
Каментары