Усе на выбары? Ці гатовыя беларусы?


Пакуль для ўсяго свету галоўнаю палітычнаю падзеяй стала сітуацыя ва Украіне. А вось у Беларусі амаль незаўважна для грамадзянаў набліжаюцца выбары ў мясцовыя саветы. Да іх засталося амаль 2 месяцы.

Толькі выбарчыя кампаніі даюць беларускай апазіцыі магчымасць выходзіць у народ без дазволаў улады і ўмяшальніцтва міліцыі.

З гэткай магчымасці скарысталіся прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду». Лідар размаўляў з выбарнікамі тварам да твару.

{movie}Усе на выбары?|right|14474{/movie}

Гарачую дыскусію на пікеце ля сталічнага Камароўскага рынку выклікала пытанне, ці наагул варта ісці на выбары.

МЕНЧУКІ:

«Я на выбары не хаджу ўжо даўно, бо ўсё роўна без розніцы. Каго захочуць, таго і выберуць».

«Паставяцца тыя асобы, якія трэба. Паказаць выбарчай камісіі, што ёсць людзі, якія супраць? Дык выбарчая камісія сама супраць!»

«Я калісьці была назіральнікам, глядзела за выбарамі. Мы нічога не маглі даказаць. Сказана было – вось так паказаць, вось такая колькасць будзе. І так і будзе!»

Апазіцыя ў адзін голас кажа, што ўдзел у выбарах – гэта нагода калі не змяніць расстаноўку сілаў ва ўладзе, то прынамсі нагадаць пра сябе.

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, КАМПАНІЯ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ»:

«Кампанія «Гавары праўду» хоць і паціху, але няўмольна павышае свой рэйтынг».

Не ўва ўсіх лідараў апазіцыі такая магчымасць ёсць. Улады не дазволілі збіраць подпісы за выстаўленне сваіх кандыдатураў Алесю Лагвінцу з руху «За свабоду» і Анатолю Лябедзьку з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ад Беларускага народнага фронту ў рэгістрацыі адмовілі 12 ініцыятыўным групам. Тыя, хто застаўся на выбарчай дыстанцыі, рук не апускаюць.

ВАДЗІМ САРАНЧУКОЎ, ПАРТЫЯ БНФ:

«Трэба даць людзям зразумець, што менавіта ад іх залежыць, як працуе дзяржава, крамы, тая самая сістэма ЖКГ. Гэта не азначае, што вынікам гэтай працы стане тое, што я буду прызначаны дэпутатам. Але мая задача – прымусіць людзей падняцца і патрабаваць сваіх правоў».



Пры гэтым з экранаў тэлевізараў Аляксандр Лукашэнка заклікае народ ісці на выбары і «не думаць, што гэтыя дэпутаты нічога не робяць і нічога не вырашаюць».

Акурат з гэтым згодныя і ягоныя апаненты.

ІГАР ДРАКО, КАМПАНІЯ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ»:

«Людзі збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты – хто стаянку, хто паркоўку, гэтак далей. Проста трэба прыйсці і сказаць: «Дэпутат можа нешта вам дапамагчы».



Вось толькі ў тое, што апазіцыя трапіць хоць бы ў мясцовыя саветы, верыць мала хто. Пытанні, зададзеныя раніцаю прадстаўніку адной з выбарчых камісіяў Пятру Салаўёву, засталіся без адказу. Тым больш, замежных назіральнікаў на выбары запрашаць не збіраюцца: міжнародныя абавязкі Беларусі гэтага не прадугледжваюць.

Марына Вашкевіч, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў