Навуковец, якога звольнілі за прозвішча ў апазіцыйным спісе, хоча стаць палітыкам


Звальненне з Акадэміі навук было сюррэалістычнай сітуацыяй, адзначыў у «Размове Калінкінай» біяхімік Кастусь Лукашоў.

Навуковец, якога звольнілі пасля Плошчы-2010 з Нацыянальнай акадэміі навук, лічыць, што адна з галоўных праблемаў беларускай навукі – адсутнасць свабоды. «Нельга навукоўцам сказаць: шыхтуйцеся, крокам рушце да даследаванняў у пэўным кірунку».

Чалавек з псіхалогіяй прыгоннага селяніна не здольны рабіць адкрыццяў, сцвердзіў госць «Белсату».

{movie}Як навукоўца звольнілі за прозвішча ў апазіцыйным спісе. “Размова Калінкінай” |right|14463{/movie}

У Савецкім Саюзе быў больш магутны КДБ, чым у сённяшняй Беларусі, але свабоды было больш, мяркуе спадар Лукашоў. «Напэўна, змянілася ўяўленне пра будучыню. Зараз бачна, што будучыні няма. За савецкім часам нейкая будучыня бачылася».

Спадар Кастусь нарадзіўся ў сям’і навукоўцаў-геолагаў і, як сам прызнаўся, да апошняга трымаўся працы ў Акадэміі навук. Навуковец падчас Плошчы-2010 змог трапіць нават у Дом ураду без ніякіх праблемаў, бо меў пасведчанне сябры выбаркаму. Пасля разгону дэманстрантаў біяхіміка выклікалі на допыт, але асаблівых прэтэнзіяў да яго не было, а следчы нават прапанаваў яму вырашыць праблемы на працы. «Праблемаў ніякіх не было. Са мною заключылі кантракт на пачатку года», – прызнаўся спадар Лукашоў.

Але неўзабаве ў «Советской Белорусии» выйшаў артыкул «Тэорыя адной змовы», дзе галоўны рэдактар газеты Павел Якубовіч змясціў спіс «Ураду народнага даверу», складзены БХД за паўгода да выбараў. Апазіцыянеры назвалі сваіх альтэрнатыўных кандыдатаў, якія б маглі заняць высокія пасты ў Беларусі.

У апублікаваным спісе было прозвішча спадара Лукашова як кандыдата, які мог бы ўзначаліць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Гэта чамусьці выклікала нервовую рэакцыю ў дзейным міністэрстве, адкуль прыйшоў сігнал у Акадэмію навук, і біяхіміка звольнілі.



Спадар Кастусь мусіў выехаць на навучанне ў Польшчу, дзе рыхтуецца атрымаць дыплом палітолага. «Я стану прафесійным палітыкам, атрымаю адпаведную адукацыю, і з гэтаю сістэмаю мы будзем размаўляць на іншай мове», – падсумаваў госць «Белсату».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў