На пікеце «Гавары праўду» людзі сварыліся з чальцом выбарчай камісіі (фота і відэа)


Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» правяла каля Камароўскага рынку ў Менску пікет дзеля падтрымання сваіх кандыдатаў на мясцовых выбарах.

На пікеце, які цягнуўся прыблізна гадзіну, выступілі старшыня кампаніі Уладзімір Някляеў, ягоны намеснік Андрэй Дзмітрыеў, а таксама «капітан» менскай каманды кандыдатаў Ігар Драко.

На мясцовых выбарах кампанія «Гавары праўду» выступае з праграмаю «Зручны горад», у Менскі гарадскі савет яна вылучыла 17 кандыдатаў.



Паводле вынікаў выбранай стратэгіі, у «Гавары праўду» самы высокі рэйтынг сярод апазіцыйных структураў, заявіў на пікеце Уладзімір Някляеў. Палітык падкрэсліў: «Не хачу быць кандыдатам ад апазіцыі — ні адзіным, ні двуадзіным, ні трыадзіным. Хачу быць кандыдатам ад большасці».

{movie}Някляеў: Не хачу быць кандыдатам ад апазіцыі, але кандыдатам ад большасці |right|14462{/movie}

Увесь час, што праходзіў пікет, яго здымалі на камеры людзі ў цывільным.

Побач з пікетам «Гавары праўду» размесціліся чатыры пікеты, зарганізаваныя рэспубліканскаю арганізацыяй «Белая Русь». Людзей на гэтых пікетах, паводле ацэнкі БелаПАНу, было значна менш, чымся каля пікету кампаніі «Гавары праўду».

{movie}На пікеце «Гавары праўду» людзі сварыліся з чальцом выбарчай камісіі |right|14461{/movie}

Прадстаўнік выбарчай камісіі Савецкага раёну Менску Пётр Салаўёў прысутнічаў на пікеце «Гавары праўду». «Я прыйшоў паглядзець, як збіраюць подпісы за кандыдатаў», – заявіў ён. Аднак, паводле Салаўёва, збор подпісаў за ініцыятыву «Народны рэферэндум», які праводзіўся на гэтым пікеце, парушае Выбарчы кодэкс. Разам з тым якую менавіта норму Выбарчага кодэксу парушае збор подпісаў, Салаўёў не змог адказаць. «Я збіраюся скласці акт аб парушэнні», – заявіў ён.

Мінакі, якія сабраліся каля пікету кампаніі «Гавары праўду», негатыўна адрэагавалі на з’яўленне прадстаўніка выбаркаму і пачалі абараняць пікетчыкаў, а таксама патрабаваць ад Салаўёва забяспечыць правядзенне сумленных выбараў: абсталяваць участкі празрыстымі урнамі, дазволіць маніторынг падліку галасоў і не знішчаць бюлетэняў адразу пасля выбараў.

Пасля спрэчак з абуранымі людзьмі прадстаўнік выбаркаму адышоў да пікетаў РГА «Белая Русь».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў