У Кіеве зноў перамір’е і перамовы. Сілавікі шукаюць зніклых калегаў


На вуліцы Грушэўскага міліцыянты і пратэстоўцы спынілі абстрэл адзін аднаго. Міліцыянты кажуць: калі пратэстоўцы не вызваляць двух схопленых сілавікоў, будзе штурм будынку Кіеўскай гарадской рады.
Адзін з мітынгоўцаў ранкам па ўласнай ініцыятыве ўзяў дзяржаўны сцяг і пайшоў на перамовы да сілавікоў. Паводле мітынгоўцаў, ён і некалькі міліцыянтаў адышлі на пагоркі. Сутнасць перамоваў пакуль невядомая. Выбухі на Грушэўскага заціхлі.
Калі пратэстоўцы бліжэйшым часам не вызваляць захопленых міліцыянтаў, праваахоўнікі абяцаюць штурм будынку Кіеўскай адміністрацыі, які ў руках пратэстоўцаў. Пра гэта паведамляе ”Інтэрфакс-Украіна” са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.
Міліцыя абвінавачвае ахову Майдану ў нападзе на трох працаўнікоў міліцыі. ‘‘Захопленых праваахоўнікаў ўтрымлівалі ў доме Кіеўскай рады. Зараз адзін паранены вызвалены і ўжо шпіталізаваны, яму аказваюць дапамогу. Лёс яшчэ двух міліцыянтаў невядомы” , – заявілі ў міліцыі.
У сваю чаргу камендант Майдана Андрэй Парубій абвяргае інфармацыю пра захоп міліцыянтаў. Штаб нацыянальнага супраціву лічыць , што ”ілжывыя заявы” міліцыі аб нападзе аховы Майдану на міліцыянтаў могуць стаць падставай для сілавой ”зачысткі” Майдану.
Глядзі таксама
Каментары