Сутычкі ў Кіеве аднавіліся. Невядомыя застрэлілі міліцыянта


Сілавое супрацьстаянне актывістаў Еўрамайдану і міліцыі на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве аднавілася. ”Беркут” пачаў страляць гумавымі кулямі па пратэстоўцах – паранены адзін актывіст. Знайшлі таксама цела забітага міліцыянта.
У адказ актывісты закідваюць сілавікоў петардамі. Пратэстоўцы, якія знаходзяцца на барыкадах, сцвярджаюць, што байцы спецназу адкрылі агонь першымі, а гэта азначае – часовае перамір’е скончылася. У міліцыі заяўляюць, што перамір’е на вуліцы Грушэўскага парушылі пратэстоўцы.
На Грушэўскага палае барыкада, у якую трапіў кактэйль Молатава. Каля 10 вогнішчаў з гумавых апонаў расклалі пратэстоўцы. На ноч на вуліцы Грушэўскага засталося каля 5 тысяч чалавек.
Ахоўнікі, якія працуюць на будаўніцтве ў Галасееўскім раёне Кіева, непадалёк ад месца працы пачулі стрэлы і пабеглі ў той бок, адкуль яны раздаваліся. Мужчыны выявілі цела міліцыянта з агнястрэльным раненнем галавы ды паспелі пабачыць, як з месца здарэння ўцякалі двое невядомых.
Ужо ўстаноўлена, што пацярпелы – 27-гадовы старшы сяржант міліцыі. Міліцыянт накіроўваўся са службы дадому без зброі. Пражываў праваахоўнік непадалёку – у інтэрнаце для супрацоўнікаў ”Беркуту”.
На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.
МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua, unian.net
Стужка навінаў