Паралакс: Чатыры танкісты і мінак


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпох, у праектах нашага сайта, піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.



1989 год быў багатым на гістарычныя падзеі, але Пуліцэраўскую прэмію далі Джэфу Ўайднэру менавіта за гэты здымак, на якім няма нічога, апроч грамадзянскай мужнасці.

З сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў кітайскім грамадстве пашыраліся дэмакратычныя тэндэнцыі: пасля асуджэння культу асобы Маў Цзэ Дуна ў Кітаі ды з пачаткам перабудовы ў СССР людзі захацелі большага і пачалі патрабаваць лібералізацыі палітычнай сістэмы сацыялізму. Кульмінацыяй сталі падзеі ўлетку 1989 года ў Пекіне, калі жыхары Паднябеснай адкрыта выступілі за дэмакратызацыю жыцця.

27 красавіка з нагоды раптоўнай смерці было генеральнага сакратара і прыхільніка рэформаў Ху Яў Бана на пляц Т’янь-Ань-Мэнь выйшлі некалькі тысячаў абсалютна розных людзей: інтэлігенцыя была незадаволеная карумпаванасцю чыноўнікаў, рабочых хвалявалі мізэрныя заробкі ды беспрацоўе. Найбольш актыўнымі былі студэнты, яны паставілі намёты і пачалі патрабаваць пераменаў. Пратэст быў мірным, мітынгоўцы затрымоўвалі правакатараў і перадавалі іх міліцыі. Улады трывалі пекінскі «майдан» месяц. 20 траўня ўвялі надзвычайнае становішча, крыху пазней пастанавілі разагнаць пратэстоўцаў сілаю. Ранкам 3 чэрвеня жаўнеры спрабавалі ўвайсці на пляц, але былі адкінутыя. З надыходам цемры ў цэнтры Пекіну з’явілася бронетэхніка. Пад яе прыкрыццём салдаты пачалі страляць па людзях. Праз некалькі гадзінаў усё скончылася. Паводле розных падлікаў, у тую ноч загінулі ад некалькіх соцень да некалькіх тысячаў чалавек. Каб даведацца праўду, трэба дачакацца рассакрэчвання архіваў кітайскіх спецслужбаў. Пакуль на тэрыторыі Кітаю запыты пра Т’янь-Ань-Мэнь у «Гугле» выдаюць толькі шчаслівых турыстаў, што пазуюць на камеру на галоўным пляцы сталіцы.

Свой самы вядомы здымак Джэф Ўайднэр зрабіў 5 чэрвеня, калі вайскоўцы ўжо пакідалі горад і вярталіся ў свае гарнізоны. Хударлявы мінак, што ішоў з двума пакункамі праспектам Нябеснага пакою, нечакана выскачыў перад танкаваю калонаю ды перагарадзіў ёй шлях, а потым заскочыў на танк і пачаў штосьці крычаць жаўнерам праз люк. Праз паўгадзіны стаяння мінака адвялі ў бок нейкія людзі, што ішлі ходнікам. Далейшы лёс «танкіста» невядомы: хутчэй за ўсё, яго арыштавалі ды кінулі ў турму, у Кітаі такога не прабачаюць.

Фотарэпарцёр «Associated Press» Джэф Ўайднэр спецыялізаваўся на народных хваляваннях і зонах канфлікту. У 1989 годзе на замову сваёй агенцыі ён адправіўся ў Кітай. Невядомага бунтаўніка ён сфатаграфаваў з шостага паверху гатэлю «Пекін» і адразу перадаў стужку свайму калегу Кэрку Мартсэну, які даставіў касету ў амерыканскую амбасаду. Гэта і дапамагло здымку стаць культавым: газеты надрукавалі яго на наступны дзень. Невядомага бунтаўніка здымалі розныя рэпарцёры, але стужкі некаторых сканфіскавалі, а хтосьці быў не такі спрытны. Напрыклад, Чарлз Коўл з «Neesweek» паспеў схаваць стужку ў туалетным бачку перад тым, як спецслужбы ўварваліся ў ягоны нумар, але здолеў вярнуцца па яе толькі праз два дні (на шчасце, ніхто не змываў ваду).

Учынак мяцежніка ў белай кашулі стаў сімвалам супрацьстаяння палітычнаму дыктату і барацьбы за свабоду, а здымак стаў іконаю непрактычнай ды непатрэбнай, але чыстай мужнасці. Кулакамі пасля бойкі махаць не мае сэнсу, але, гледзячы на гэты здымак, свет пераканаўся ў рэальнасці Т’янь-Ань-Мэню і здольнасці не баяцца ў той момант, калі лёс вырашаны, але не атрымоўваецца маўчаць.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў