Рада Еўропы ды Беларусь разам супраць карупцыі


Прадстаўнікі Беларусі ў Страсбуры на адмысловай цырымоніі падпісалі дадатковы пратакол да Канвенцыі аб крымінальнай адказнасці за карупцыю.

Цяпер Беларусь зможа карыстацца з экспертнага падтрымання ў межах групы краінаў супраць карупцыі Рады Еўропы (GREСO).

«Тое, што Беларусь уцягваюць у еўрапейскія арганізацыі, – пазітыўны факт, – мяркуе праваабаронца Павел Сапелка і дадае: – Удзел у гэткіх структурах – дэманстрацыя намаганняў палепшыць сітуацыю, а еўрапейскія арганізацыі атрымліваюць магчымасць маніторынгу сітуацыі і уплыву на яе. Як Інтэрпол – прыналежнасць да яго дае пазітыўныя эфекты. Адзінае, каб не даходзіла да злоўжыванняў, і каб сяброўства ў GREСO не абмежавалася чыстым турызмам”.

Беларусі таксама даслалі запрашэнне далучыцца да Еўрапейскай канвенцыі папярэджанню катавання і бесчалавечнага стаўлення да вязняў.

Чальцом групы Беларусь сталася ў 2012 годзе. GRECO ўтварылася ў 1999 годзе. Мае на мэце дапамогу краінам-чальцам у барацьбе з карупцыяй ды ва ўсталяванні адпаведных стандартаў. У склад групы ўваходзіць 50 краінаў, у тым ліку дзяржавы, якія фігуруюць у спісах найбольш карумпаваных, напрыклад, Расея і Украіна.

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў