Эштан і Фюле ляцяць у Кіеў


Еўрасаюз накіроўвае ў Кіеў камісара ЕС па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфана Фюле і Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан для садзейнічання дыялогу ўкраінскай улады і апазіцыі.
Пра гэта паведаміў прадстаўнік Еўракамісіі Аліўе Баі, інфармуючы журналістаў аб тэлефоннай размове прэзідэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і прэзідэнта Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу, перадае УНІАН.
“Прэзідэнт Барозу сказаў Януковічу, што мы гатовыя спрыяць дыялогу і памяншэнню напружанай сітуацыі. Барозу прапанаваў, каб камісар ЕС Фюле наведаў Кіеў 24 студзені, а Вярхоўны прадстаўнік ЕС і віцэ -прэзідэнт Еўракамісіі Эштан, магчыма, паедзе ў Кіеў на наступным тыдні”, – сказаў спікер.
Такім чынам Штэфан Фюле наведае Кіеў 24-25 студзеня для правядзення сустрэч з прадстаўнікамі ўлады, апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.
Як вядома, 23 студзеня лідэры апазіцыі Віталь Клічко, Арсеній Яцанюк і Алег Цягнібок правялі сустрэчу з прэзідэнтам Януковічам, якая доўжылася каля 4 – х гадзін. Разам з тым адбыліся тэлефонныя размовы Віктара Януковіча з еўрапейскімі і амерыканскімі высокапастаўленымі асобамі: Януковічу патэлефанавалі канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу і віцэ -прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн. У ходзе гутаркі Януковіч паабяцаў Барозу не ўводзіць у Украіне надзвычайнае становішча.
ЮВ, belsat.eu
Стужка навінаў