Салідарнасць суседзяў: палякі гатовыя дапамагаць уцекачам з Украіны


Лакальныя ўлады ў Польшчы гатовыя даць часовы прытулак для ўцекачоў з Украіны, праўнікі дапамогуць бясплатнымі юрыдычнымі кансультацыямі, – паведамляе польская газета «Rzeczpospolita».

«Пакуль што на ўкраінска-польскай мяжы рух такі самы, як і быў», – гаворыць Рышард Адамскі (Ryszard Adamski), сакратар гміны Мэдыка (Medyka), дзе размяшчаецца адзін з найбуйнейшых памежных пераходаў. Мясцовыя ўлады не выключаюць сцэнара, паводле якога Польшчу чакае хваля ўцекачоў. «Неўзабаве вакацыі, школы пустыя, і калі будзе неабходнасць рассяліць там людзей, то ў гэтым няма праблемы. Мы гатовыя прыняць братоў-украінцаў», – запэўнівае прадстаўнік мясцовых уладаў.

Сваё падтрыманне ўкраінцаў дэкларуюць таксама праўнікі: у варшаўскай Акруговай палаце юрыдычных дарадцаў уцекачы могуць бясплатна атрымаць кансультацыі наконт легальнага перабывання ў Польшчы ды атрымання дазволу на працу.

Таксама некаторыя грамадскія аб’яднанні абвесцілі збор сродкаў для ўдзельнікаў Майдану. Грошы збіраюць на медыкаменты, каскі ды цёплыя рэчы.

МЛ, паводле «Rzeczpospolita»

Стужка навінаў