17,5 тысячаў чалавек сабраліся ў Дрэздэне на антыісламскі мітынг


Ад кастрычніка акцыя супраць «ісламізацыі» адбываецца штотыдзень. Гэтым разам паводле падлікаў паліцыі на вуліцы выйшла рэкордная колькасць людзей.

Дэманстрацыю ў дзясяты раз арганізоўвае рух «Патрыятычныя еўрапейцы супраць ісламізацыі Захаду» (Pegida) пад лозунгам «Еўрапейцы-патрыёты супраць ісламізацыі Захаду», якое выступае за ўзмацненне жорсткасці іміграцыйных законаў. З кожным разам колькасць прыхільнікаў ускрайне-правай арганізацыі павялічваецца.

Удзельнікі маніфестацыі спявалі калядныя гімны і слухалі выступоўцаў, якія выказваліся супраць наплыву імігрантаў і бежанцаў на плошчы перад Дрэздэнскай дзяржаўнай операй, перадае BBC.

Самі дэманстранты падкрэсліваюць, што з’яўляюцца патрыётамі, а не экстрымістамі і выступаюць у абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў у Еўропе.

Ангела Меркель і іншыя вядучыя палітыкі Германіі заклікалі суграмадзянаў не ўдзельнічаць у пратэстах.

Паралельна прайшла маніфестацыя «Дрэздэн без нацыстаў», на якую сабраліся чатыры тысячы чалавек з лозунгамі «не нацыстам, расавай нянавісці і ксенафобіі».

ДР, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў