Канстытуцыйны суд не супраць аўтапабораў


Старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч заявіў, што ўвядзенне мыта за допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху не супярэчыць Канстытуцыі.

Ён паведаміў, што адпаведны законапраект разглядаўся ў Канстытуцыйным судзе. «Падатковыя плацяжы выступаюць у якасці найважнейшых гарантыяў абароны нацыянальных інтарэсаў у сферы фінансавай дзейнасці. Пры ўвядзенні мыта зыходзілі з канстытуцыйнага абавязку грамадзянаў удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, мыта ды іншых плацяжоў», – сказаў Міклашэвіч.

«Усім зразумела, што дарогі ў нашай краіне маюць як дзяржаўнае, гэтак і грамадскае значэнне. Ёсць асабістая зацікаўленасьць кожнага грамадзяніна, які хоча ездзіць па добрай дарозе, – заявіў старшыня КС. – У грамадстве адбылося некаторае недастатковае разуменне, чаму грамадзяне мусяць у гэтым удзельнічаць. Думаю, адпаведнае разуменне ў грамадстве ўжо адбылося, і кожны грамадзянін, хто карыстаецца дарогамі як аўтамабіліст, пэўную суму (яна адносна невысокая) будзе ўносіць, каб паляпшаліся дарогі».

Міклашэвіч таксама адзначыў, што ўвядзенне мыта абумоўленае сітуацыяй, «калі тых сродкаў, якія паступаюць праз звычайныя падаткі, не цалкам дастаткова, каб узняць на больш высокі ўзровень якасць дарог».

Рашэнне ўвесці з 2014 года мыта за допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху парламент прыняў у снежні. Памер сплаты для фізічных асобаў на легкавікі складае ад 3 да 10 базавых велічыняў (ад Br 390 тыс. да Br 1,3 млн).

Гэтае рашэнне выклікала абурэнне часткі насельніцтва. Інтэрнаўты распачалі збор подпісаў пад петыцыяй, у якой заклікаюць скасаваць новы збор. На сёння пад гэтым заклікам падпісаліся больш за 80 тыс. асобаў.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў