«Майдан, мы з вамі!». Беларусы запальваюць знічы па загінулых у Кіеве


Жыхары Менску прыносяць кветкі ды лампады да помніка Тарасу Шаўчэнку побач з будынкам пасольства Украіны. Ля помніка прымацавалі картку «За нашу і вашу свабоду».

Кветкі прынеслі і жыхары Берасця да помніка Кабзару на бульвары Шаўчэнкі. Тут жа прымацавалі транспаранты «Майдан, мы з вамі!», «Слава Украіне. Героям слава!». На гаўбцы аднаго з жылых будынкаў Берасця можна пабачыць невялікі сцяг Украіны.

У Горадні дамовіліся праз «Фэйсбук»

Гарадзенка Вольга Крапоціна прапанавала праз «Фэйсбук» выказаць спачуванне і салідарнасць з братэрскім народам каля Ганаровага консульства Украіны. Сама яна прыйшла разам з сяброўкаю, каб памаліцца аб супакоі душы забітых.

«Пабачыла, што Менск гартуецца на знак салідарнасці, і вырашыла запрасіць гарадзенцаў. Такія жахі не кожны дзень здараюцца. Мне сёння цэлы дзень душу вярэдзіць. Працаваць не магла», – прызналася дзяўчына.

Маладзён Станіслаў Рачкель прыйшоў, бо адчувае сваю блізкасць з украінскім народам. Хлопец падкрэсліў, што ад выніку сёлетніх пратэстаў у Кіеве, магчыма, будзе праз нейкі час залежаць лёс беларусаў: «Я прыйшоў запаліць зніч, бо, па-першае, на Майдане загінуў адзін з маіх суайчыннікаў. І гэта вялікі знак, калі чалавек памірае за ідэалы некага. Па-другое, я лічу ўкраінцаў братэрскім народам праз тое, што мы ў падобных абставінах».

Гарадзенка Вольга мяркуе, што прынесці кветкі ды запаліць зніч – самае малое, што можна зрабіць у Беларусі, каб ушанаваць памяць тых, хто змагаўся і загінуў, каб праявіць салідарнасць з тымі, хто пацярпеў падчас гэтае рэвалюцыі: «Як яшчэ выказаць свой сум і боль аб тым, што адбываецца цяпер ва Украіне?! Некалькі маіх знаёмых украінцаў там, на Майдане. І я ведаю, што яны пайшлі туды таму, што не маглі іначай, таму, што хочуць «людзьмі звацца» і жыць у сваёй, вольнай краіне. На Майдане былі і знаёмыя беларусы. Хочацца верыць, што людзі аддалі самае каштоўнае – сваё жыццё – не дарма».

Настасся Фрода, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў