«Раздзелі да пояса і вывезлі ў поле». «Беркут» схапіў львоўскага фатографа


Мар’ян Гаўрылаў здымаў сутыкненні, якія працягваюцца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, калі «Беркут» пайшоў у наступ. Разам са шматлікімі іншымі ўдзельнікамі пратэстаў, мужчыну сілаю зацягнулі за шэрагі сілавікоў.

Фатографа разам з іншымі затрыманымі кінулі ў аўтазак і адабралі тэлефон. Мужчына меў, аднак, яшчэ адзін схаваны тэлефон, якога сілавікі не знайшлі падчас ператрусу, ды патэлефанаваў брату.

«Ён кажа, што затрыманых вельмі шмат – толькі ў тым аўтазаку, дзе трымалі Мар’яна, было больш за 20 чалавек, а агулам ён бачыў шэсць такіх аўтазакаў, – распавёў Міхаіл Гаўрылаў. – Мар’ян кажа, што ўсіх затрыманых раздзелі да пояса і вывезлі цяпер некуды ў поле».

Брат затрыманага дадаў, што спадар Мар’ян мусіў казаць вельмі ціха, бо вакол дзяжурылі: «Вывезлі іх кудысьці, дзе не чуваць ні аўтамабіляў, ні шуму вуліцаў, ні людзей. Кажа, што вельмі холадна, што вельмі шмат людзей у аўтазаках страцілі прытомнасць. Ён не ведае, дзе яны, і нічога не можа сказаць».

Пазней на старонцы Еўрамайдану ў «Фэйсбуку» актывісты паведамілі, што фатограф знайшоўся.

«Знайшоўся зніклы львоўскі фатограф Мар’ян Гаўрылаў. Мар’ян трапіў пад абстрэл, пасля чаго яго і шматлікіх іншых мужчынаў, якія былі побач, схапілі і кінулі ў аўтазакі. У адзін аўтазак запіхнулі 21 асобу. Грамадзянаў павезлі за горад у невядомым кірунку, там іх распранулі да пояса, білі нагамі ды кідалі ў снег. Гаўрылаў цяпер у вельмі цяжкім стане праз жорсткае збіццё беркутаўцамі», – напісана ў паведамленні.

МЯ, belsat.eu, паводле newsoboz.org

Стужка навінаў