Пасля страляніны ў Кіеве Захаду можа быць больш камфортна наладжваць адносіны з Лукашэнкам?


Медыі паведамляюць пра пецярых загінулых. Сілавікі пачалі выкарыстоўваць снайперскія вінтоўкі. Міліцыі надалі надзвычайныя паўнамоцтвы і дазволілі выкарыстоўваць вадамёты пры тэмпературы мінус 15 градусаў ды новы тып гранатаў. Адбываецца эвакуацыя з усіх будынкаў з цэнтру Кіева. Пратэстоўцы чакаюць найгоршага. Ці чакаць рэакцыі Захаду і якая існуе небяспека для Беларусі?

«З моманту, як палілася кроў пратэстоўцаў у Кіеве, Януковіч перастаў быць легітымным кіраўніком Украіны. Адпаведна, Еўразвяз мусіць паказаць, што з нелегітымным лідарам не хоча мець нічога супольнага, як гэта адбылося з Лукашэнкам, – каментуе палітолаг Павал Усаў. – Дзеяць трэба аператыўна. Еўразвяз мусіць увесці эканамічныя санкцыі супраць Януковіча і ягонага атачэння, а таксама супраць набліжаных алігархаў Ахметава і Фірташа. Эфект будзе значна больш адчувальны, чымся ў Беларусі, бо Украіна мае значна больш моцныя эканамічныя сувязі з Захадам».

Чаго чакаць Лукашэнку?

Калі не будзе выразнай рэакцыі Захаду на крывавыя падзеі ў Кіеве, сітуацыя можа змяніцца і ў дачыненнях Захаду з Беларуссю.

«Для Лукашэнкі створыцца камфортная сітуацыя. Ён перастае быць адзіным дыктатарам у Еўропе і ў параўнанні з Януковічам не будзе выглядаць такім брутальным, як ягоны сусед. І для Захаду будзе больш прыемна і камфортна мець дачыненні з Лукашэнкм», – мяркуе Павал Усаў.

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў