Кіеў: шукаюць зніклых. У 9 гарадах пратэсты супраць абласных уладаў (он-лайн)


На гэты момант дакладна вядома пра тры смяротныя ахвяры за час пратэстаў у Кіеве. Усе яны з’явіліся ўчора, 22 студзеня. Двое былі застрэленыя – Сяргей Нігаян і Міхаіл Жызнеўскі (наш зямляк). Адзін выкрадзены і закатаваны – Юры Вярбіцкі. Уначы чакалі наступлення міліцыі і войскаў ды штурму Майдану, але гэтага не адбылося. Усё часцей паведамляецца пра выкраданне актывістаў людзьмі ў цывільным ці ў форме “Беркута”.



БОЛЬШ ВІДЭА ОН-ЛАЙН + тэкставы он-лайн за 19-21 студзеня тут.

00:00 Перамовы ў Кіеве: Януковіч перагуляў апазіцыю. Майдан расчараваны

22.00 На Грушэўскага перамір’е, але на ўсялякі выпадак пабудаваны новыя і ўзмоцненыя старыя барыкады і нарыхтавана нямала апонаў.

У горадзе Сумы таксама адбываецца акцыя пратэсту. У Хмяльніцкам пратэстоўцы заблакавалі аблраду з дапамогай апонаў. У Чаркасах пратэстоўцы ўжо занялі два паверхі абладміністрацыі.



Аляксей Ганчарэнка , намеснік старшыні Адэскага аблсавету і член Партыі рэгіёнаў зрабіў наступную, сэнсоўную, заяву :

Адказнасць за сітуацыю нясуць усе парламенцкія палітычныя сілы і Прэзідэнт.

Выхад з сітуацыі ёсць толькі адзін – гэта перамовы і кампраміс. Падставай такога кампрамісу мусяць быць:

– Адмена законаў , якія абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян , што былі прынятыя у парламенце 16 студзеня.

– Неадкладнае спыненне сутыкненняў сілавікоў і радыкальных мітынгоўцаў. Мараторый на прымяненне сілы з усіх бакоў.

– Расследаванне пад кантролем усіх парламенцкая сіл кожнага выпадку згону людзей у выніку падзей у Кіеве з рэгулярнымі справаздачамі аб ходзе расследавання

– Калі гэтага не адбудзецца, то УСЕ сілы і лідэры, якія прывялі краіну на мяжу катастрофы, павінны панесці як мінімум палітычную адказнасць і сысці з палітычнай сцэны”.

20:15 У Чэркасах аблраду адбіваюць ад пратэстоўцаў з дапамогай с/ш гранатаў і помпавых стрэльбаў. У Тэрнопалі аблраду пратэстоўцы ўзялі пад кантроль. Таксама пад кантролем пратэстоўцаў аблрада ў Роўне і Львове.

У Кіеве тым часам ўсё больш паведамленняў пра знікненне людзей. Пратэстоўцы змагаюцца з міліцыяй за параненых калегаў у шпіталях, там таксама адбываюцца арышты і выкраданні. Ёсць ужо адмысловыя палаты для арыштантаў, якія знаходзяцца пад кантролем міліцыі.

17:20 Пратэстоўцы ў Івана-Франкоўску, Жытоміры і Чэркасах таксама штурмуюць будынак абласной адміністрацыі. У Тэрнопалі адзін з гарадскіх пляцаў назвалі ў памяць аб загінуўшых на Еўрамайдане.



16:00 Стала вядома, што Януковіч заклікаў Вярхоўную Раду правесці пазачарговае пасяджэнне. Аргументаваў сваё рашэнне тым, што закалоты суправаджаюцца падпаламі, кровапраліццем, гвалтам і сітуацыя патрабуе неадкладнага ўрэгулявання.

На фб-старонцы Еўрамайдану паведамляюць, што абураныя жыхары Роўна таксама захапілі абласную адміністрацыю і патрабуюць звальнення кіраўніцтва. А ў Вінніцы пратэстоўцы блакуюць рух у цэнтры горада і патрабуюць ад мэра агучыць сваю пазіцыю.



15:00 Перамовы апазіцыі з Януковічам былі перанесеныя на 15:00.

Адзін з лідараў Аўтамайдану, Сяргей Коба, з’ехаў з Украіны ў Еўропу, кажа, што з мэтай змагацца. Пра гэта паведамляе “Украінская праўда”. Менавіта ён паклікаў людзей на пікетаванне Вярхоўнай Рады ў нядзелю. Спроба прайсці да Рады скончылася супрацьстаяннем з “Беркутам”, якое працягваецца дагэтуль.

Тым часам у Львове пратэстоўцы захапілі аблдзяржадміністрацыю і змусілі губернатара напісаць заяву на звальненне. Праўда, ён пазней заявіў, што просіць лічыць заяву несапраўднай.



13:00 Клічко заявіў, што дамовіўся аб перамір’і з «Беркутам» на час перамоваў. Перамовы лідэраў апазіцыі і прэзідэнта Віктара Януковіча павінны пачацца ў гадзіну дня. Паводле яго слоў, сярод патрабаванняў – адмена законаў 16 студзеня і адстаўка ўраду. Пра гэта паведамляе украінская служба Радыё Свабода.

Тым часам стала вядома пра знікненне яшчэ аднаго актывіста Аўтамайдану Дзмітрыя Булатава.

Украінская газета “Факты” апублікавала інтэрв’ю з хлопцамі, якіх скралі на Хрышчаціку людзі ў цывільным і звезлі ў лес для “допыту”. Адзін з пацярпеўшых распавядае: “Некалькі сілавікоў выйшлі з мікрааўтобуса і пачалі азірацца па баках – правяралі, каб не было сведак. Астатнія схапілі нас з Кірылам і пацягнулі ў лес. Там раззулі, паклалі тварам на зямлю і пачалі збіваць. Білі і нагамі, і рукамі, малацілі дубінкамі па пятках і галёнках“. У хлапцоў пераломы, ушыбы, адбітыя ногі, адзін з іх у цяжкім стане.

12:28 На вуліцы Грушэўскага ў Кіеве прысутнічаюць каля 3000 чалавек. Сілавікі гасяць вогнішчы з апонаў, а мітынгоўцы працягваюць закідаць іх камянямі ды петардамі. З боку беркутаўцаў чуваць адзінкавыя стрэлы, інфармуе unian.net.

12:00 Пасля падзеяў на вул. Грушэўскага ў Кіеве па медычную дапамогу звярнуліся 254 міліцыянты, 104 з іх – шпіталізаваныя. Пацярпелым дыягнаставалі закрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы, апёкі, колата-рэзаныя раны і атручванні невядомымі рэчывамі, адзначылі ў Крымінальна-судовым наглядзе Украіны.

07:30 Віцэ-прэзідэнт Еўрапарламенту Яцэк Пратасевіч: Еўразвяз можа спыніць афіцыйныя адносіны з Украінай, калі падцвердзіцца, што міліцыя страляла ў дэманстрантаў агнястрэльнай зброяй.

06:16 Інжынера-праграміста кампаніі SAMSUNG арыштавалі на 30 сутак. Па версіі следства Улад Цыліцкі «падгаварыў ад 3 да 5 тысяч чалавек да ўдзелу у беспарадках», і нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні прадстаўнікам праваахоўных органаў. Удзельнік пратэстаў зараз знаходзіцца ў адной з кіеўскіх бальніц.



06:10 У кіеўскай бальніцы хуткай дапамогі ўкраінскія міліцыянеры трымаюць закладнікаў. Сілавікі спрабавалі іх вывезці ў невядомым накірунку. Аднак, параненых, знайшлі актывісты «Еўрамайдану» і журналісты Hromadske TV. 10 параненых зараз утрымліваюць у «міліцэйскіх боксах», да іх нікога не пускаюць.

05:30 Зброя, з якой па мітынгоўцам страляюць украінскія міліцыянты (злева ФОРТ-500М1, справа ФОРТ-500А).



Паводле некаторых дадзеных, праваахоўнікі таксама выкарыстоўвалі снайперскія вінтоўкі Дзегцярова і пісталеты Макарава. Ад кулі з Макарава загінуў наш суайчыннік з Гомлю.

Больш інфармацыі пра падзеі ва Украіне а 7:00 па беларускім часе ў прамым эфіры “Белсат”. Вас чакае спецыяльнае выданне інфармацыйнага блоку. У цэнтры ўвагі падзеі ва Украіне. Найноўшыя навіны і каментары.

04:40 Прэм’ер – міністр Мікалай Азараў думае, што людзей на Грушэўскага застрэлілі правакатары.

Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю BBC. «Па-першае, я ўжо сказаў, што міліцыя не мела агнястрэльнай зброі на вуліцы Грушэўскага, гэта значыць яны не маглі прымяніць гэтую зброю», – сказаў чыноўнік. «Па-другое, экспертыза паказала, што стрэлы былі зроблены зверху … з даху будынкаў. Міліцыя не знаходзілася на дахах будынкаў, гэта элементарна праверыць, таму што ўсе яны былі знізу», – патлумачыў Азараў.

Зараз дакладна вядома пра тры смяротныя ахвяры. Двое былі застрэленыя, адзін выкрадзены і закатаваны.

04:00 Міліцыянты на вул. Грушэўскага спрабуюць патушыць палаючыя аўтамабільныя пакрышкі. Пратэстоўцы падкідваюць у вялізнае вогнішчы ля стадыёну «Дынама» гранаты з балтамі і «гумовыя дровы».



2:54 «Беркут» схапіў львоўскага фатографа. Ён здымаў сутыкненні, якія працягваюцца на вуліцы Грушэўскага. Калі «Беркут» пайшоў у наступленне яго разам са многімі іншымі ўдзельнікамі пратэсту, сілай зацягнулі ў строй сілавікоў. Зараз яго вязуць у аўтазаку. Фатограф-фрылансер Мар’ян Гаврілів кажа, што затрыманых вельмі шмат – толькі ў тым аўтазаку, дзе ўтрымлівалі Мар’яна было больш за 20 чалавек, а ўсяго ён бачыў шэсць такіх аўтазакаў.

Цягам трох дзён, падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў, пацярпелі 42 журналісты.

2:35 Праўладны дэпутат лічыць правільным, забойства пратэстоўцаў. На думку рэгіянала (дэпутат ад Партыі рэгіёнаў) гэтых ахвяраў недастаткова каб пакараць тых, хто нападаў на міліцыю.



22:43 Палітолаг Андрэй Ягораў: “У Януковіча 2 шляхі: усталяваць дыктатуру, альбо саступіць Майдану. Пратэст на Майдане – больш не мітынг за еўраінтэграцыю. Гэта пратэст супраць пачатку дыктатуры і супраць групоўкі Януковіча”.

22:36 Сілавікі зноўку спрабуюць разагнаць мітынгоўцаў на вуліцы Грушэўскага. Сутычкі аднавіліся.

22:31 “Тітушкі” разграмілі рэдакцыю тэлекампаніі “Київ”.

22:22 Украінскія медыі паведамляюць, што спецназ страляў па мітынгоўцах адмысловымі кулямі, прызначанымі для паражэння вайсковай тэхнікі. Моц такой кулі дастатковая, нават каб прабіць цела некалькіх чалавек.

22:17 Мітынгоўцы стварылі на вуліцы Грушэўскага 2 новых лініі барыкадаў. Прыбывае ўсё больш людзей. Сілавікі страляюць гумавымі кулямі, кідаюць шумавыя гранаты. Пратэстоўцы адказваюць петардамі.

22:10 Удзельнікі пратэстаў працягваюць ствараць вогнішча з пакрышак, каб стварыць дымавую заслону ад снайпераў спецназу.

22:06 Апазіцыйны лідэр Арсеній Яцэнюк: “У прэзідэнта Януковіча засталося 24 гадзіны на спыненне кравапраліцця”.

21:58 Кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт адмовіўся ад ордэну, якім яго ўзнагародзіў Віктар Януковіч, у сувязі са смерцямі мірных людзей на Майдане.

21:51 На Майдане працягваецца супрацьстаянне пратэстоўцаў і спецназу. Сілавікі ўжываюць вадамёты, паліваючы вадой як агонь ад запаленых пакрышак, так і людзей. Кабінет міністраў Украіны дазволіў ужыванне вадамётаў нават у маразы.

21:46 Апазіцыйны лідэр Віталь Клічко кажа, што на перамовах у Адміністрацыі прэзідэнта ад Віктара Януковіча не было ніякай рэакцыі на патрабаванні Майдану.

21:42 Мінабароны Украіны: “Інфармацыя аб перадыслакацыі танкаў з Чарнігаўшчыны ў Кіеў не адпавядае рэчаіснасці. Гэта планавая перадача лішняй вайсковай тэхнікі”.

21:35 Еўразвяз гатовы праверыць банкаўскія рахункі украінскіх алігархаў, блізкіх да прэзідэнта Януковіча.

21:20 Былы міністр унутраных спраў Украіны Юрый Луцэнка заклікаў усіх украінцаў заўтра не ісці на працу і вучобу, а ехаць на Майдан, «каб адваяваць краіну ў мафіі».

20:50 Жузэ Мануэл Барозу, Прэзідэнт Еўракамісіі: Мы рашуча асуджаем ужыванне сілы і гвалт ды заклікаем бакі тэрмінова ўстрымацца ад гэтага і пачаць крокі да нармалізацыі сітуацыі”.

18:53 Юры Вярбіцкі загінуў. Украінскія следчыя выклікалі на апазнанне родных Юрыя Вярбіцкага, якога 21 студзеня разам з актывістам Еўрамайдану Ігарам Луцэнкам выкралі з больніцы. Цела Вярбіцкага са слядамі катавання знайшлі ў лесапаласе ля сяла Гнедзін, што непадалёк Кіева. Раней украінскія медыі паведамлялі пра два целы, знойдзеныя ў Гнедзіне, аднак прадстаўнікі праваахоўных органаў гэтую інфармацыю зняпраўджваюць.

18:49 Узброеныя сілы Украіны не будуць прымаць удзелу ў падзеях, звязаных з акцыямі пратэсту ў Кіеве. Пра гэта паведамляе «Інтерфакс-Україна» са спасылкаю на прадстаўніка ўкраінскага ваеннага ведамства.

18:00 На вуліцы Лютэранскай распачаліся сутычкі з «Беркутам». Гараць міліцэйскія машыны, паведамляе суполка ЄвроМайдан ў «Facebook’у»

17:54 Медыкі падцвердзілі выкарыстанне снайперскіх вінтовак на вул. Грушэўскага.

Як патлумачылі лекары карэспандэнту espreso.tv, у целе аднаго з загінулых знайшлі кулю ад снайперскай вінтоўкі Дзегцярова калібра 7,62 мм.

17:10 У мясцовасці пад Кіевам, куды раней вывезлі актывіста «Еўрамайдану» Ігара Луцэнку, знайшлі два трупы са слядамі катаванняў, паведамляе украінскі партал ZN.UA. Мясцовы ўчастковы пацвердзіў наяўнасць толькі аднаго цела.

16:58 Як паведамляе наш карэспандэнт, на Майдане і на вуліцы Грушэўскага цяпер прыкладна 5 тысяч асобаў, але людзі прыбываюць. На 18:00 запланаваны Народны сход.

16:45 Мужчына, які ўпаў з каланады на Грушэўскага, жывы. Пра гэта паведаміў выданню «Українська правда» галоўны доктар Кіеўскай гарадской клінічнай бальніцы. Аднак медыкі, якія працуюць на Майдане кажуць, што мужчына быў знойдзены мертвым.

{movie}Медыкі пра колькасць загінулых у сутычках на Грушэўскага |right|14387{/movie}

У момант запісу відэа інфармацыі пра загінулага беларуса яшчэ не было.

15:33

Адзін з загінулых сёння ў Кіеве пратэстоўцаў – беларус Міхаіл Жызнеўскі. Гэтую інфармацыю пацвярджае Штаб нацыянальнага супраціву.



14:46

На вуліцы Грушэўскага з’явіўся БТР, які стаіць за ачапленнем міліцыі. Яго выкарыстоўваюць, каб адцягнуць з дарогі спаленыя аўтобусы.

14:28

Паўза ў актыўным супрацьстаянні: маніфестанты паляць аўтамабільныя пакрышкі, міліцыя стаіць у ачапленні – ім удалося адцясніць майданаўцаў з вуліцы Грушэўскага. Падчас папярэдніх атак міліцыянты схапілі і збілі не менш за тры дзясяткі асобаў.

13:54

Пайшла трэцяя хваля зачысткі. Беркутаўцы пабеглі на дэманстрантаў. Аднаго з мітынгоўцаў схапілі ды пачалі збіваць упяцёх. Потым знялі з яго шапку і куртку і пацягнулі за ачапленне, пры гэтым збіваючы. Гэткім жа чынам затрыманыя яшчэ некалькі асобаў.



13:41

«Беларускага фотажурналіста Васіля Фядосенку, які цяпер здымае для агенцтва «Ройтэрз» ў Кіеве, траўмавалі гумоваю куляй», – паведамляе радыё «Свабода». Паводле фотакарэспандэнта Сяргея Грыца, міліцыянты з траўматычнаю зброяй адмыслова цэляцца і страляюць у журналістаў і аператараў.

{movie}У журналіста Васіля Фядосенку трапіла гумовая куля|right|14385{/movie}

{movie}У журналіста трапіла граната – відэа з Кіева|right|14383{/movie}

13:35

Міліцыянты і «Беркут» шчыльнымі шэрагамі са шчытамі прасоўваюцца за барыкады. Маніфестанты адступаюць.

13:27

Апазіцыя абвесціла пра «агульную мабілізацыю» і збор на Майдане а 18-й гадзіне. Апазіцыя таксама заклікае міліцыянтаў не выконваць злачынных загадаў.

13:20

Міліцыянты на вуліцы Грушэўскага падышлі да новазбудаваных барыкадаў і, прыкрываючыся шчытамі, спрабуюць іх разабраць. Часам у іх ляцяць кактэйлі Молатава.

11:20

«Беркут» адышоў глыбей за шэраг унутраных войскаў, тыя таксама трошкі адступілі. Пратэстоўцы супакоіліся і зноў заклікаюць праваахоўнікаў пераходзіць на іхны бок. Бачыў прынамсі двух параненых на насілках, шмат пацярпелых ад гумовых куляў», – перадае Усевалад Шлыкаў з Кіева. Больш – у тэлефоннай размове з нашым карэспандэнтам.

{movie}Пратэстоўцы спрабуюць размаўляць з байцамі ўнутраных войскаў – перадае карэспандэнт “Белсату” |right|14380{/movie}



11:05


Пратэстоўцы падыходзяць проста да ачаплення і спрабуюць размаўляць з жаўнерамі. Тыя пачынаюць у адказ грукаць шчытамі, заглушаючы маніфестантаў.

10:46

Чуваць заклікі да штурму ачаплення міліцыянтаў. На месца падзеяў сцягваецца ўсё больш людзей.

10:10

Украінскія медыі паведамілі імя забітага са зброі пратэстоўца – гэта актывіст Майдану Сяргей Нігаян (Сергій Нігоян). Адна куля трапіла ў галаву, другая – у шыю.





09:59

Супрацьстаянне працягваецца. Беркутаўцы таксама кідаюць кактэйлі Молатава і камяні. Цяпер яны адступілі на ранейшыя пазіцыі за спаленымі аўтобусамі.

09:47

«На Майдане – агульная мабілізацыя. Ахова Майдану надзявае каскі, шчыткі, частка рушыла ў бок Грушэўскага. Аднак на Майдане пануе неразбярыха, пратэстоўцы не вырашылі, ці ім заставацца і рыхтавацца бараніць сам Майдан, ці ісці на Грушэўскага», – паведамляе журналіст «Белсату» Усевалад Шлыкаў.



09:30


Падцягнуліся маніфестанты з Майдану. Пайшлі ў контратаку, беркутаўцы адступаюць. Адстрэльваюцца з помпавых стрэльбаў, кідаюць камяні ды святлошумавыя гранаты.

Апублікаванае відэа, на якім бачна, як беркутаўцы жорстка збіваюць затрыманага, а калі той траціць прытомнасць, за ногі адцягваюць у іншае месца.

{movie}”Беркутаўцы” збіваюць да непрытомнасці маніфестанта|right|14377{/movie}

09:20

«Бі-Бі-Сі-Украіна» паведамляе пра маладога чалавека з чатырма агнястрэльнымі ранамі, які памёр на руках у медыкаў. Другі пратэстовец упаў або быў скінуты з каланады і памёр ад траўмаў. Трэці, як паведамляе радыё «Свабода», памёр ад агнястрэльнага ранення ў сэрца. Тым часам «Беркут» адкінуў пратэстоўцаў на вуліцы Грушэўскага. Цяпер разбіраюць барыкады.

Стужка навінаў