Часовае перамір’е ў Кіеве




Баявыя дзеянні паміж актывістамі «Еўрамайдану» і міліцыяй часова прыпыніліся. Цягам двух дзён мітынгоўцы вялі жорсткія баі з ахоўнікамі правапарадку. Пацярпелі сотні людзей. Мы вырашылі падвесці вынікі гэтай маленькай вайны.

Рэвалюцыянеры і хуліганы ў форме

Актывісты «Еўрамайдану» ваююць з міліцыяй пры дапамозе неўміручага «кактэйлю Молатава», камянёў і піратэхнікі, якую закідваюць у шэрагі міліцыянтаў. «Беркутаўцы» і жаўнеры ўнутраных войскаў адказваюць на гэта вадамётамі, газавымі ды шумавымі гранатамі, а таксама гумовымі кулямі. У хаду ідуць і «кактэйлі Молатава» пратэстоўцаў. Бутэлькі з запальнаю сумессю, што прыляцелі на барыкады міліцыянтаў і не разбіліся або патухлі, міліцыянты падпальваюць і кідаюць у людзей. Па сутнасці, МУС ператварылася з праваахоўнага органу ў паўнавартаснага ўдзельніка масавых закалотаў.
{movie}Беркутовец издевается и провоцирует народ|right|14366{/movie}
«Беркутаўцы» выкарыстоўваюць помпавыя стрэльбы з гумовымі кулямі не для суцішэння атакоўцаў, а для мэтанакіраванага адстрэлу журналістаў. Міліцыянты адмыслова цэлілі ў галаву, вочы рэпарцёраў ды іхную апаратуру. У выніку 25 журналістаў былі траўмаваныя. Падчас баёў міліцыянты зацягвалі да сябе дэзарыентаваных журналістаў, дзе жорстка збівалі. Гэтак, у лагер хуліганаў у пагонах трапілі два супрацоўнікі радыё «Свабода», іх моцна збілі.

Грамадскасць ўбачыла, што міліцыя атрымлівае асалоду, траўмуючы людзей. Пра гэта сведчаць шматлікія відэазапісы кіеўскіх падзеяў.
{movie} Фашисти на Динамо (вул. Грушевського)|right|14365{/movie}
«Цітушкі» – грамадзянскія баевікі

Яшчэ адзін бок канфлікту – «цітушкі»: грамадзянскія баевікі, спартоўцы, крымінальныя элементы, якіх улады адмыслова звезлі ў Кіеў. Як паведаміў народны дэпутат Украіны Віталій Ярэма, на сённяшні дзень ува ўкраінскай сталіцы налічваецца ўжо каля 5 тыс. «цітушак». Мінулай ноччу адбыліся першыя сутыкненні з гэтымі «жаўнерамі ўлады». Паводле першапачатковага плану, баевікі меліся зайсці з боку Еўрапейскай плошчы і заблакаваць адступленне актывістаў Еўрамайдану з вул. Грушэўскага. Аднак яшчэ на падыходзе да цэнтру Кіева групы «цітушак» удалося разбіць. Актывісты «Аўтамайдану» ездзілі па горадзе і дакладвалі пра месцазнаходжанне такіх групаў. Самі «цітушкі» прызналіся, што іх прывезлі з Данецкай, Харкаўскай ды іншых усходніх вобласцяў Украіны. Іхныя паслугі даволі танныя і каштуюць уладам усяго 20 еўраў на дзень.

Паводле інфармацыі Штабу нацыянальнага супраціву, па медычную дапамогу ўжо звярнуліся каля 1400 актывістаў. Шэсць людзей атрымалі траўмы вачэй, некаторым выдалілі вочныя яблыкі. Цялесныя пашкоджанні рознай цяжкасці атрымалі 25 журналістаў шэрагу медыяў. Паводле афіцыйных звестак МУСу, у хадзе сутыкненняў пацярпелі 163 міліцыянты, з іх 80 – трапілі ў шпіталь.

Расціслаў Шапашнікаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары