Лукашэнка акрэсліў умовы вызвалення Бяляцкага і Статкевіча (абноўлена)


Кіраўнік Беларусі загаварыў пра магчымасці вызвалення палітвязняў Алеся Бяляцкага і Мікалая Статкевіча на сустрэчы з кіраўнікамі найбуйнейшых беларускіх медыяў у Палацы незалежнасці.

Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай адзначыў на спатканні, што прадстаўнікі грамадскасці даўно кампенсавалі страты, які, як устанавіў суд, нанёс дзяржаве праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Лукашэнка ў адказ на гэта даручыў першаму намесніку сваёй адміністрацыі Аляксандру Радзькову праверыць інфармацыю.

«Гэта сур’ёзны аргумент. Тут справа не ў палітыцы і не ў пазіцыі самога Бяляцкага. Клянуся вам, я яго не ведаў і не ведаю», – сказаў Лукашэнка, заўважыўшы, што «падаткі – гэта святое».

Паводле кіраўніка дзяржавы, калі інфармацыя аб кампенсацыі стратаў пацвердзіцца, улады мусяць разгледзець пытанне пра амніставанне Бяляцкага.

{movie}Праваабаронца Валянцін Стэфановіч пра вызваленне палітвязняў |right|14361{/movie}

Лукашэнка пра Статкевіча: Мусіць напісаць прашэнне, нават без прызнання віны

Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН запытаўся Аляксандра Лукашэнку пра вызваленне яшчэ аднаго палітвязня – Мікалая Статкевіча. У адказ Лукашэнка нагадаў, што ўжо не аднойчы гаварыў аб практыцы памілавання, што існуе ў краіне: асуджаны мусіць напісаць прашэнне, якое ён разгледзець. «Можаш не пісаць, што ты вінаваты», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Статкевіч палітычна для мяне не канкурэнт, – падкрэсліў Лукашэнка. – Статкевіч – палітычны труп для беларусаў. На апошніх выбарах ён вёў гэтую палітыку на карысць прэзідэнта. Ён не быў мне супернікам ды палітыкам і не будзе. Статкевіч таго не варты, каб быць перашкодай у нашых адносінах з Еўразвязам»

Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч падкрэсліла: ейны муж усё адно не будзе пісаць прашэнне: «Ён з разуменнем ставіцца да рашэнняў, якія прымаюць астатнія людзі. Але для сябе ён на сённяшні дзень гэтую магчымасць выключае. Ні пры якіх умовах ён гэтага не зробіць. Пісаць я яму пра гэта не буду, я думаю, яго праінфармуюць пра гэта раней, чым я напішу».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў