Дачыненні Кітаю і Беларусі - "пацалункі" за выгадныя падрады


Паднябесную наведвае прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясніковіч. На фоне шматлікіх пытанняў, якія назапасіліся ў Менску да кітайскіх партнёраў, Пекін пагадзіўся толькі на падпісанне чарговага рамачнага дакументу.



Візіты беларускіх урадоўцаў у Паднябесную ўжо даўно перасталі выглядаць экзатычна. Аляксандр Лукашэнка пабываў у КНР 7 разоў, а ўрадавым дэлегацыям ужо страчаны лік.

{movie} Калій за «Белджы»?|right|14350{/movie}

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Адна з галоўных мэтаў такіх частых візітаў кіраўніцтва Беларусі ў Кітай – гэта замацаваць стратэгічнае партнёрства і падкрэсліць гэтую лінію перад партнёрамі ў Расеі ды ў Еўропе. Каб паказаць, што Беларусь – не ізаляваная, і яна можа гуляць асобную гульню”.

PR-мэты можна лічыць дасягнутымі. Пасля мінулага візіту ў Паднябесную Аляксандра Лукашэнкі, які падпісаў з Пекінам дамову аб усеагульным стратэгічным партнёрстве, сёння прэм’ер Мясніковіч у Пекіне легалізаваў новы гучны рамачны дакумент – дарожную мапу супрацы на найбліжэйшую пяцігодку.

Што да эканамічнай супрацы, то, на першы погляд, істотных поспехаў дасягнулі і на гэтым фронце.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:

“Кітай рэалізуе ў нас 20 праектаў прыблізна на 5,5 мільярдаў долараў”.



Але ж эксперты адзначаюць: у рэальнасці гэтыя праекты – не інвестыцыі, а падрады, на якія Менск за ўласныя грошы наймае кітайскія кампаніі.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Кітайскія грошы – яны, безумоўна, выдаюцца як звязаныя крэдыты, на закуп кітайскіх тавараў. Такім чынам непасрэдна ў беларускую эканоміку яны ўлівацца не будуць. Тым больш, што асноўныя праекты – яны запланаваныя на будучыню. Той жа індустрыяльны парк – асноўныя інвестыцыі запланаваныя ў бліжэйшыя гады”.



Прынамсі, гэтак плануецца цяпер. Але паводле ранейшых пагадненняў паміж Пекінам і Менскам, будаўніцтва суперсучаснага індустрыяльнага комплексу пад Смалявічамі мела пачацца яшчэ летась. Вось толькі кітайскія інвестары, якія абяцалі ўкласці ў тэхнапарк 5 мільярдаў долараў уласных сродкаў, рызыкнуць уласным капіталам у Беларусі так і не наважыліся.

Насамрэч, наўпроставыя кітайскія інвестыцыі ў нашую эканоміку ў 2012 годзе склалі 9 мільёнаў долараў.

Сёння Мясніковіч прывёз кітайскім карпарацыям новы падарунак – падрады на будаўніцтва ў Беларусі заводу вытворчасці кітайскіх аўтамабіляў “Джылі”.

МІХАІЛ МЯСНІКОВІЧ, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР БЕЛАРУСІ:

“Ужо створаная і працуе першая чарга, у Баранавічах, магутнасць якой 10 000 аўтамабіляў на год. Наступны этап – павелічэнне магутнасці на 60 000. А потым яшчэ на 60 000 – да 120 000 аўтамабіляў на год”.



На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка абяцаў інвеставаць у гэты праект 650 мільёнаў долараў. Вось толькі ці патрэбен ён Беларусі цяпер? Калі нават існыя магутнасці “Белджы” выкарыстоўваюцца менш як на 25 %.

АЛЯКСЕЙ КРЫЧМАР, АДДЗЕЛ ПРОДАЖАЎ «БЕЛДЖЫ»:

“Аб’ём рэалізацыі за 2013 год склаў 561 аўтамабіль, у Расеі мы рэалізавалі 235 аўтамабіляў, у Рэспубліку Казахстан было рэалізавана 1015 аўтамабіляў”.

Несумнеўную выгаду атрымаюць толькі кітайскія падрадчыкі ды банкі, якія атрымаюць свае грошы назад з беларускага бюджэту незалежна ад паспяховасці праекту.

Узамен на такі падарунак Беларусь чакае ад кітайскіх партнёраў хаця б мінімальнага кроку насустрач. Цягам гэтага месяца найбуйнейшыя вытворцы калію падпісваюць з Кітаем кантракты на пастаўкі ўгнаенняў. Расейскія ды канадскія вытворцы свае ўгоды ўжо практычна забяспечылі, у той час як “Беларуськалій”, наадварот, выцясняецца з кітайскага рынку.

Ці ўдасца Мясніковічу настрыгчы з Паднябеснай хаця б гэтай воўны – забяспечыць калійны кантракт, ці беларускія ўрадоўцы вернуцца з Пекіну стрыжаныя самі, як кожны раз дагэтуль?

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў