Ад БХД у выбарах возьмуць удзел “прамоўцы”


Удзел, але не да канца. Пра свае планы адносна выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў распавялі прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Перадвыбарчаю кампаніяй актывісты паспрабуюць скарыстацца як магчымасцю распаўсюджваць інфармацыю. Такім чынам, дэклараваная мэта – не перамога, а толькі ўдзел.



Не “кандыдатамі”, але “прамоўцамі” называюць хрысціянскія дэмакраты сваіх прадстаўнікоў, якія маюць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Сёлета Беларуская хрысціянская дэмакратыя падала заяўкі на рэгістрацыю 181 ініцыятыўнай групы.

{movie}Удзел дзеля ўдзелу|right|14349{/movie}

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, СУСТАРШЫНЯ БХД:

“Мы не гуляем у гульні з рэжымам, мы адразу кажам, што мы не прызнаем любых вынікаў. Бо ўсе кандыдаты прызначаюцца пры сённяшняй сістэме падліку галасоў, пры сённяшнім заканадаўстве, што датычыць выбараў”.

І тым не менш, паводле сябраў БХД, рэгістрацыя групаў і збор подпісаў – гэта сёння найлепшая магчымасць легальна і без усялякіх дазволаў праводзіць пікеты, даносячы да людзей свае ідэі.

ДЗЯНІС САДОЎСКІ, АДКАЗНЫ САКРАТАР БХД:

“Каротка тры тэмы, якія мы закранем. Гэта адсутнасць свабодных і сумленных выбараў, наяўнасць палітычных вязняў, і гэта тыя мясцовыя праблемы, якія мы будзем уздымаць для іх развязання”.



Што ж да вынікаў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, іх Цэнтрвыбаркам абвесціць заўтра, аднак, незалежна ад таго, колькі сябраў БХД зарэгіструюць, за тыдзень да дня галасавання, якое адбудзецца 23 сакавіка, хрысціянскія дэмакраты абвесцяць пра канец кампаніі. Пры гэтым кожны з “прамоўцаў” самастойна вырашыць, ці здымаць кандыдатуру, ці ісці да канца.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, СУСТАРШЫНЯ БХД:

“Паводле вынікаў гэтай кампаніі мы спадзяемся ва ўсіх буйных гарадах Беларусі стварыць народныя самакіраванні як альтэрнатыву дзейным мясцовым уладам: выканкамам і прызначаным мясцовым саветам. І асноўная іх функцыя, асноўная місія – арганізацыя агульнагарадскіх кампаніяў, каардынацыя акцыяў пратэсту”.

Сама ж стратэгія не новая, як для апазіцыі ўвогуле, гэтак і для саміх хрысціянскіх дэмакратаў. Вось толькі ранейшыя спробы задзеяць у рэгіёнах так званых “народных дэпутатаў” ці “спікераў” пакуль жаданых палітычных поспехаў не прынеслі.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў