Як перамога Майдану паўплывае на Беларусь?


Беларусы ў адрозненне ад украінцаў ніколі не зведалі смаку перамогі над сістэмаю, але дух пераменаў можа завітаць у Беларусь з Украіны, мяркуе ў «Гарачым каментары» палітолаг Вольга Паповіч.

Падчас нядзельных супрацьстаянняў у Кіеве былі параненыя каля 100 асобаў, сярод якіх – шмат сілавікоў. Дасталася і лідарам апазіцыі. Як змянілася перспектыва Еўрамайдану пасля нядзельных падзеяў і што чакае Украіну далей?

{movie}Як перамога Майдану паўплывае на Беларусь?|right|14338{/movie}

Палітолаг Вольга Паповіч мяркуе: зарана казаць, што Януковіч прагуляў. Прэзідэнт Украіны заявіў пра перамовы з апазіцыяй, адчуваючы сваю перавагу, мяркуе адмысловец. «Тое, што ён [Януковіч – belsat.eu] стварыў групу дзеля перамоваў з Еўрамайданам і сам у яе не ўвайшоў, сведчыць пра тое, што ён не разглядае гэтую апазіцыю як моцную сілу».

Ва Украіне ж апазіцыя не мае адзінага моцнага лідара, які б з’яднаў увесь украінскі народ, адзначыла палітолаг. Адсутнічае ў праціўнікаў сённяшніх украінскіх уладаў і адзіны план, і няма гарантыі, што гэты план паўстане.

Магчымы поспех Еўрамайдану наўрад ці нешта зменіць у Расеі, але ў Беларусі ён будзе адчувальны, заўважыла спадарыня Паповіч. Сітуацыя ў Беларусі, аднак, не будзе тоесная ўкраінскай, паколькі паміж краінамі-суседкамі ўжо цяпер існуе шэраг адрозненняў, заўважыла палітолаг. «Слабасць Беларусі ў тым, што яна не мае палітычнай апазіцыі. Ва Украіне апазіцыя пакуль ёсць у парламенце. І пакуль ідзе барацьба на выбарах – ідзе барацьба на палітычнай сцэне».

Украінцы таксама адчулі смак перамогі падчас Памаранчавай рэвалюцыі ў 2004 годзе, беларусы ж пакуль могуць толькі марыць пра гэта. «Часам смак перамогі суседзяў перадаецца. І я б вельмі хацела, каб нашыя краіны змаглі разам пасмакаваць перамогу», – падсумавала госця «Белсату».

Падрабязнасці – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў