Паўнавартасных перамоваў не будзе. Вулічная вайна ў Кіеве працягнецца?


Прэзідэнт Януковіч і лідары ўкраінскай апазіцыі дэ-факта самаўхіліліся ад мірнага шляху і перамоваў. Адмысловая камісія, што мелася б знайсці шляхі да дыялогу, будзе складацца з адыёзных функцыянераў і малавядомых апазіцыйных дзеячаў.



Хто правакатар?

Радыкалізацыя пратэставых акцыяў наступіла пасля таго, як лідары апазіцыі Арсеній Яцэнюк, Віталь Клічко і Алег Цягнібок на ранішнім вечы 19 студзеня так і не запрапанавалі Еўрамайдану плану канкрэтных дзеянняў. Таксама не назвалі і адзінага лідара супраціву.

Мітынгоўцы, што стаміліся ад двухмесячных пустых размоваў і лозунгаў са сцэны Майдану, рушылі ў бок Вярхоўнай Рады. Заблакаваўшы парламент, яны мелі намер патрабаваць скасавання «драконаўскіх» законаў, што прынялі днямі.

На шляху да парламенту дарогу людзям перакрылі атрады «Беркута» і ўнутраных войскаў. Праезную частку заблакавалі аўтобусы і аўтазакі. Пачаліся сутычкі. У праваахоўнікаў паляцелі кактэйлі Молатава, камяні. Тыя адказалі светашумавымі гранатамі ды гумовымі кулямі.

Спыніць канфлікт паспрабаваў лідар партыі «УДАР» Віталь Клічко. Аднак на Грушаўскага яго ніхто не стаў слухаць. Клічко прагналі і больш ён там не з’яўляўся. Цягнібок і Яцэнюк наагул не рызыкнулі прыйсці на Грушэўскага. Замест гэтага з трыбуны Еўрамайдану яны назвалі ўдзельнікаў канфлікту правакатарамі ды заклікалі і далей мірна стаяць на плошчы.

Супрацьстаянне доўжылася да самай раніцы. Пацярпелі сотні асобаў з абодвух бакоў барыкадаў. У медыях з’явілася інфармацыя пра тое, што аднаму з маніфестантаў гранатаю адарвала руку, яшчэ некалькім выбіла вочы гумовымі кулямі.

Пасля «гарачай» ночы з 19 на 20 студзеня абодва бакі канфлікту набраліся сілаў і зноў занялі баявыя пазіцыі на вул. Грушэўскага.

Перамовы, якія нічога не вырашаюць

Позна ўвечары 19 студзеня Віталь Клічко паехаў у Мэжыгір’я ў рэзідэнцыю Януковіча. У ходзе сустрэчы Клічко заявіў, што патрэбнае неадкладнае ўмяшанне, інакш канфлікт можа перарасці ў грамадзянскую вайну. Таксама ён заявіў пра неабходнасць правесці пазачарговыя прэзідэнцкія выбары.



Януковіч пагадзіўся стварыць працоўную групу для вядзення перамоваў з апазіцыяй, а вось прапанову перавыбараў кіраўніка дзяржавы праігнараваў.

Адказным за вядзенне перамоў прызначалі кіраўніка Савету нацыянальнай бяспекі ды абароны Андрэя Клюева, якога падазраюць у жорсткім разгоне Еўрамайдану 30 лістапада. Аднак украінскія медыі сумняюцца, што гэтыя перамовы дадуць які-кольвек вынік, бо гэткія сустрэчы раней праводзіліся неаднаразова, але – без плёну.

Да абеду стала вядома, што сам Віктар Януковіч не будзе браць удзелу ў перамовах. Пра гэта заявіла дэпутатка фракцыі Партыі рэгіёнаў Ганна Герман. У сваю чаргу, Віталь Клічко заявіў, што не будзе ні пра што размаўляць з Андрэем Клюевым і патрабуе асабістага ўдзелу ў перамовах прэзідэнта Януковіча. У партыі «Бацькіўшчына» паведамілі, што ад іхнай палітычнай сілы пойдзе не лідар Арсеній Яцанюк, а шараговы дэпутат, імя якога пакуль не называюць.

Гэткім чынам, праца камісіі для ўрэгуляванні канфлікту правалілася з самага пачатку. Як сам прэзідэнт, так і лідары апазіцыі не хочуць браць на сябе адказнасці за прыняцце рашэнняў. Што ж датычыць удзельнікаў «Еўрамайдану», то, мяркуючы з настрояў, яны ўжо не хочуць слухаць апазіцыянераў, для якіх агульнаўкраінскі мітынг стаў толькі трыбунаю для вядзення сваёй прэзідэнцкай кампаніі.

Онлайнавая відэатрансляцыя з месца падзеяў у Кіеве – тут.

{movie}Падзеі ў Кіеве каментуе журналістка Вольга Шастакова |right|14335{/movie}

Расціслаў Шапашнікаў, belsat.eu

Стужка навінаў