Мясніковіч паляцеў у Кітай «з вялікаю надзеяй»


Афіцыйная ўрадавая дэлегацыя на чале з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам перабывае з візітам у Кітаі. Паводле кіраўніка ўраду, паміж Беларуссю і Кітаем устанавіўся найвышэйшы ўзровень узаемаадносінаў – усебаковае стратэгічнае партнёрства.

У ходзе візіту Міхаіл Мясніковіч правядзе перамовы з кіраўніком Дзяржсавету Кітаю Лі Кэ Цянам, сустрэнецца са старшынём КНР Сі Цзінь Пін, а таксама сакратаром парткаму правінцыі Хэй Лун Цзян – Ўан Сянь Куем, бізнес-коламі гэтай правінцыі і гораду Харбін.

Запланаваныя сустрэчы беларускай дэлегацыі з кіраўніцтвам шэрагу кітайскіх карпарацыяў, у тым ліку «Sinomach», «BUCC», «КУЭК», Кітайскай інвестыцыйнай карпарацыі, «Сітык Канстракшн», «Geely». Мясніковіч наведае карпарацыі «ZTE», «Huawei» і супольныя прадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі Харбіну.

Па выніках візіту, які будзе доўжыцца да 24 студзеня, бакі маюць намер падпісаць шэраг міжнародных дакументаў.

16 студзеня ў інтэрв’ю Міжнароднаму радыё Кітаю Міхаіл Мясніковіч заявіў, што едзе ў Кітай «з вялікаю надзеяй». «Я еду з вялікаю надзеяй на тое, што гэты візіт адкрые новую старонку ў супрацы паміж нашымі дзяржавамі, што, безумоўна, будзе судзеяць умацаванню дружбы, паразумення, а таксама развіццю нашых эканомік. Мы вельмі рыхтуемся да гэтага візіту, уважліва працуем над новымі ініцыятывамі», – сказаў прэм’ер Беларусі.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў