Праваслаўныя святкуюць Вадохрышча (фотарэпартаж)


Праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Хрышчэнне Гасподняе. Паводле Евангелля, менавіта ў гэты дзень свету з’явілася Прасвятая Троіца, таму яшчэ адная назва свята – Богаз’яўленне. Прынята лічыць, што з гэтага моманту бярэ пачатак хрысціянскае хрышчэнне – таінства духоўнага ачышчэння і адраджэння.

Напярэдадні свята вернікі посцяць, а святары – асвячаюць ваду ў праваслаўных цэрквах і вадаёмах. Асвячэнне вады працягваецца і ў дзень Хрышчэння. У цэрквах праводзяцца святочныя службы, пасля якіх вернікі набіраюць асвячоную ваду –яна захоўваецца цягам усяго года.

Асвячоную ваду можна набраць у любой праваслаўнай царкве Беларусі. Тыя, хто з нейкіх прычынаў не зробіць гэтага на Хрышчэнне, могуць атрымаць асвячоную ваду ў любы іншы дзень. У ходзе свята Хрышчэння рэкамендуецца таксама паспавядацца і прычасціцца.

Некаторыя вернікі ды святары на Хрышчэнне праводзяць абрад абмывання ў вадаёмах. Тым, хто вырашыў акунуцца, паводле святароў, трэба рабіць гэта з малітваю ды ўстрымацца ад ужывання алкагольных напояў.

18 студзеня, напярэдадні Богаз’яўлення, патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Менскі ды Слуцкі Павел правёў Божую літургію у Свята-Духавым кафедральным саборы Менску, паведаміў інтэрнэт-партал БПЦ.

Мітрапаліт Павел таксама правёў вялікую вячэрню і чын вялікага асвячэння вады. Прадстаяцель БПЦ акрапіў сабор і малельнікаў святою вадою. Пасля спявання трапара і кандака свята Хрышчэння Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі звярнуўся да малельнікаў з архіпастырскім словам, заклікаўшы «ўмацоўваць веру праз выкананне запаветаў і вопытнае спазнанне промыслу Божага».

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары