Ці пашпарт дапаможа жывёлам захаваць лапы і хвасты?


Праблемы жывёлінаў не ў прыярытэце. Адміністрацыя прэзідэнта не падтрымала просьбы зоаабаронцаў сёлета разгледзець законапраект “Аб абароне жывёлы”. Ці прыслухаюцца ў Міністэрстве аховы здароўя? Тысячы грамадзянаў падпісваюцца пад петыцыяй, што мае на мэце абараніць нашых хворых чатырохногіх сяброў. І хто абароніць бяздомных жывёлінаў, жыццё якіх праз цяперашнія маразы пад пагрозаю?

{movie}“Добрае сэрца”|right|14325{/movie}

Валанцёры магілёўскай дабрачыннай арганізацыі “Добрае сэрца” амаль штодзённа атрымліваюць паведамленні пра збітую ці параненую жывёлу, іншым разам беспрытульных катоў ды сабакаў знаходзяць у вельмі цяжкім стане – ці то без лапаў, ці то без хваста.

ВОЛЬГА МІЛАДОЎСКАЯ, ВАЛАНЦЁРКА:

“Калі ўладальнікі ўсіх сваіх жывёлінаў будуць мець адмысловыя пашпарты і несці за іх адказнасць, сур’ёзную адказнасць, нават крымінальную, то, напэўна і людзі будуць менш выкідваць на вуліцу жывёлу”.

Асабліва ў часе маразоў дапамагчы жывёле можа кожны.

ВОЛЬГА МІЛАДОЎСКАЯ, ВАЛАНЦЁРКА:

“Калі кожны, хто ідзе па нашым горадзе, будзе з любоўю ставіцца да жывёлы, і, калі ён бачыць іх, якія сядзяць на снезе, самае элементарнае – можна пакарміць”.

Але лепш за ўсё, кажуць тут, узяць да сябе дамоў, хаця б на час маразоў і дапамагчы бяздомным чатырохногім сябрам. За мінулы год валанцёры “Добрага сэрца” знайшлі гаспадароў для 600 жывёлінаў. Сёння валанцёры сабраліся, каб раздаць беспрытульных шчанюкоў у добрыя рукі.

НАСТАССЯ ХАЦЭТОЎСКАЯ, ВАЛАНЦЁРКА:

“Мы спрабуем неяк дапамагчы ім, не прайсці побач, знайсці дом. Шчанюкі цяпер паедуць на базар, будуць шукаць дом. Калі не мы, то хто дапаможа ім?”



Яшчэ адна небяспека, апроч маразоў, якая можа закрануць ужо і хатніх гадаванцаў, – небяспека застацца без наркозу. Урад распрацаваў пастанову, якая можа забараніць ветэрынарам выкарыстоўваць без ліцэнзіі залетыл. Адзіны ветэрынарны прэпарат, які ўводзяць жывёліне ў часе аперацыі.

ГАННА ШУЛЬГА, ГРАМАДСКАЕ АБ’ЯДНАННЕ «ЗОАШАНЕЦ»:

“Залетыл – гэта прэпарат новага пакалення, які не мае тых самых негатыўных эфектаў, які дае кетамін, і, у параўнанні з іншымі сродкамі, ён больш эфектыўны ды аналагаў не мае”.

Калі пастанову прымуць, ветэрынарам давядзецца рабіць аперацыі жывёле толькі з дапамогаю мясцовай анестэзіі. Актывісты руху ў абарону жывёлы сабралі больш за 8 тысяч подпісаў пад петыцыяй на адрас Міністэрства аховы здароўя.

АПЫТАННЕ, МАГІЛЁЎ:

“Наркоз людзям робяць, жывёлінам таксама трэба рабіць наркоз, яны таксама адчуваюць боль”.

“Той, хто гэты закон (распрацоўваў, – “Белсат”) няхай бы яму зрабілі аперацыю без наркозу. Гэта ж усё жывое”.



Два гады таму забаранілі ветэрынарны сродак кетамін – праз тое, што ўтрымліваў наркатычныя рэчывы. Каб карыстацца ягоным адпаведнікам залетылам, які таксама трапіў у спіс сродкаў, што ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы, цяпер ветэрынарам трэба ліцэнзія, якой яны не змогуць атрымаць.

ГАННА ХАПУНЕНКА, АРГАНІЗАЦЫЯ АХОВЫ ЖЫВЁЛЫ «ЭГІДА»:

“Умовы для таго, каб ветэрынары маглі атрымаць ліцэнзію, не створаныя. Паводле ўсёй імавернасці, будуць парушэнні заканадаўства. Альбо будуць нелегальныя ветэрынарныя сродкі, альбо нашыя жывёліны будуць паміраць ад болевых шокаў падчас аперацыі”.



У суседняй Расеі вядзецца дыскусія, каб зноўку дазволіць выкарыстоўваць кетамін. Пад ціскам мясцовых ветэрынараў Міністэрства сельскай гаспадаркі распрацавала адмысловы законапраект. Беларускім ахоўнікам жывёлы, у сваю чаргу, цяпер трэба не толькі дапамагаць гадаванцам, але і адстойваць сваё права на дапамогу.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў