Папугай Яша, які меў стаць дэпутатам, гаворыць па-беларуску і патрабуе грошай (відэа)


Налета папугай Яша, магчыма, будзе стартаваць кандыдатам у беларускі парламент. Калі ж ён стане дэпутатам, то выдатна дасць рады са сваёй функцыяй, а дзяржава толькі зэканоміць, мяркуе гаспадар птушкі – актывіст з Гомля Кастусь Жукоўскі.

{movie}Папугай Яша, які меў стаць дэпутатам, гаворыць па-беларуску і патрабуе грошай|right|14318{/movie}

Каб утрымаць дэпутата, трэба вялізныя бюджэтныя сродкі: асабістая машына, добры заробак, жытло, паездкі і г. д. «Яшу практычна нічога не трэба. Яму толькі трохі, а функцыя – тая ж самая. Ён можа ціснуць на кнопачку. І малпачка можа ціснуць на кнопачку, усе могуць ціснуць на кнопачкі», – падкрэсліў спадар Жукоўскі.

Гомельскі дэмакратычны актывіст Кастусь Жукоўскі 16 студзеня падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы вылучэння кандыдатам у дэпутаты свайго папугая Яшы.



Сакратар камісіі Мазураўскай выбарчай акругі № 19 па выбарах у Гомельскі абласны савет дэпутатаў прыняла дакументы, нягледзячы на наяўнасць у прапанаванай копіі пашпартa здымка папугая.

Як толькі сакратарка прыняла дакументы папугая Жукоўскага Якава Іосіфавіча, зрабіўшы адпаведны запіс у сшыткі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, актывіст забраў дакументы, патлумачыўшы гэта тым, што пераблытаў іх.

«Праблема адсутнасці пашпарта грамадзяніна Беларусі была вырашаная пры дапамозе фоташопу – у копію свайго пашпарта я ўставіў фотаздымак Яшы. Мой папугай даўно марыў стаць дэпутатам і дзеля сваёй мары навучыўся казаць некалькі фразаў: «Дзе грошы?», «Ярмошына» і «Хачу ў палатку». Дэпутату больш і не трэба ведаць. Перадвыбарная праграма – «Яша харошы», – сказаў спадар Жукоўскі.

Паводле яго, сакратара камісіі зусім не збянтэжыў здымак папугая: «Калі ёсць копія пашпарта, то хоць свінню можна намаляваць, а як паказвае гэты выпадак, то і зарэгістраваць».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў