Чаго вартая ўзнагарода з рук Лукашэнкі


Пра тых, хто і за што атрымлівае дзяржаўныя медалі ды ордэны – «Размова Калінкінай» з былым следчым, праваабаронцам Алегам Волчакам, які ў свой час адмовіўся ад медаля Лукашэнкі.

Паводле Алега Волчака, узнагародаў у Беларусі вартыя чарнобыльцы, лекары, настаўнікі, а не сілавікі, якіх Аляксандр Лукашэнка «падбадзёрвае» ў чаканні выбараў.

{movie}Чаго вартая ўзнагарода з рук Лукашэнкі|right|14315{/movie}

У Беларусі існуе адмысловае палажэнне, дзе прапісанае, каго ўзнагароджваць, паводле якіх крытэраў. «Калі я прачытаў гэты спіс людзей, у мяне, як у юрыста, узніклі пытанні: хто рыхтаваў гэтыя крытэры, якія заслугі? – заўважае госць праграмы. – Няхай пакажуць грамадскасці хаця б 3–4 пункты з таго, што зрабілі [маюцца на ўвазе дасягненні ў працы як падстава для ўзнагароды – belsat.eu]».

У 2009 годзе Алег Волчак адмовіўся ад медаля, прысвечанага 20-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістану, які разам з іншымі афганцамі меўся атрымаць паводле ўказу Лукашэнкі. Пратэст быў супольнаю ініцыятываю яго, Аляксандра Камароўскага і Мікалая Аўтуховіча. У выніку ад узнагародаў адмовіліся каля 50 асобаў. Гэта быў пратэст супраць скарачэння ільготаў для афганцаў.

«Мы далі прыклад іншым», – лічыць Алег Волчак. Аднак больш такіх выпадкаў не было. Суразмоўца лічыць, што людзі баяцца дэманстратыўных крокаў, бо прывязаныя да працы кантрактамі.

Алег Вочак гаворыць, што ў сваёй любові да ўзнагароджвання Аляксандр Лукашэнка робіцца падобным да Леаніда Брэжнева. Сам госць праграмы цэніць свае баявыя ўзнагароды. А дзяржаўныя гатовы атрымаць толькі ў новай Беларусі, дзе пачне дзеяць легітымны Вярхоўны Савет.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў