Новы скандал на гістфаку ў Горадні (Дадаўся каментар абвінавачанага)


Выкладчык гарадзенскага ўніверсітэту Уладзімір Ягорычаў сфальсіфікаваў дакументы, каб прайсці конкурс на пасаду дацэнту новай кафедры.

Гэта высветліла ягоная калега прафесар Святлана Куль-Сільвестрава ў выніку даследавання пасля конкурсу.

Нядаўна дзве кафедры – гісторыі Беларусі і археалогіі ды этналогіі – аб’ядналі, стварыўшы кафедру гісторыі Беларусі, археалогіі ды адмысловых гістарычных дысцыплінаў. Усе 23 выкладчыкі мусілі прайсці конкурс, каб трапіць на новае месца працы. На 8 месцаў дацэнтаў прэтэндавалі 13 асобаў – у тым ліку і Уладзімір Ягорычаў. Асноўным аргументам для пераадолення бар’еру да новай пасады быў спіс навуковых працаў выкладчыкаў.

Святлана Куль-Сільвестрава распавяла, як падчас конкурсу абвесцілі, што за 5 гадоў спадар Ягорычаў напісаў 7 манаграфіяў. Савет факультэту, які цалкам змяніўся ў апошні час, пачуўшы колькасць працаў, прагаласаваў за яго кандыдатуру. Аднак спадарыня Святлана здзівілася працавітасцю і таленавітасцю калегі ды вырашыла пачытаць ягоныя творы.

«Навуковыя працы» знайшліся ў сеціве і ў бібліятэках. На ўсіх сямі «манаграфіях» пазначалася назва «навукова-папулярнае выданне». Яны прызначаліся для шырокага кола чытачоў, студэнтаў, школьнікаў, але не для навукоўцаў. У іх адсутнічаў навуковы апарат і навуковае суправаджэнне. Спадар Ягорычаў не ўпершыню праходзіў гэткі конкурс, таму мусіў ведаць крытэры да ўдзелу і перамогі.

«Ён падмануў Савет факультэту, тых, хто працуе побач з ім, зняважыў нас, як навукоўцаў. Ён абясцэніў нас, бо цяпер атрымоўваецца, што мы павінныя ставіць свае навуковыя працы з ягонымі на адзін узровень. Паўстае пытанне, ці можа чалавек, які свядома падманвае калег, працаваць са студэнтамі», – не хавае абурэння спадарыня Святлана.

Святлана Куль-Сільвестрава таксама адзначыла, што гэткі падман адбыўся ўпершыню на факультэце за 30 гадоў яго працы. Дарэчы, Ягорычаў тут працуе столькі ж.

«У нас школа Мараша (прафесар Якаў Мараш стаяў ля вытокаў заснавання факультэту гісторыі, выпусціў каля 70 кандыдатаў навук – belsat.eu). Ён быў чалавекам навукі, чалавекам сумлення і заўсёды вучыў нас быць шчырымі», – зазначае спадарыня спадарыня Куль-Сільвестрава.

Прафесар плануе паведаміць аб фальсіфікацыі, якая дазволіла атрымаць Ягорычаву пасаду і заробак, рэктару ўніверсітэту. Яна сцвярджае, што такая хлусня – гэта справа пракуратуры і джяржкантролю.

Уладзімір Ягорычаў адмаўляе фальсіфікацыю. Ён тлумачыць, што і раней у справаздачах падаваў і навукова-папулярныя працы, і свае артыкулы з газет. Спадар Ягорычаў сцвярджае, што ў спісе, які падаваўся на конкурс, ён пазначыў свае 7 працаў як навукова-публіцыстычныя. «Але ж загадчык кафедры Сяргей Аркадзевіч [Піваварчык – belsat.eu] усё падкарэктаваў, можа, для большай вагі. Я ж вымушаны давяраць свайму кіраўніцтву. Цяпер я не ведаю, каму што патрэбнае, а я – у закладніках».

Спадар Ягорычаў дадаў таксама, што ў спіс сваіх працаў трэба было ўключыць не толькі манаграфіі, але і навукова-папулярныя ды навучальныя дапаможнікі.

Загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі ды адмысловых гістарычных дысцыплінаў Сяргей Піваварчык каментаваць сітуацыю праз тэлефон адмовіўся.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў