Колькі будзе каштаваць бюджэту прэзідэнт на пенсіі?


Ва Украіне ёсць цікавая асаблівасць – кожны прэзідэнт, які сыходзіць са сваёй пасады, пакідае сабе дзяржаўнае лецішча і да канца жыцця атрымлівае заробак, значна вышэйшы за сярэдні.

Нават калі «новы» і «стары» прэзідэнты былі палітычнымі ворагамі, ва Ўкраіне не прынята чапаць былых кіраўнікоў дзяржавы.

Пасля «аранжавай рэвалюцыі» ў 2004 годзе экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма выйшаў на пенсію з наступным багажом: пажыццёвае дзяржаўнае лецішча ў Конча-Заспе (раён, дзе жывуць найвышэйшыя чыноўнікі краіны) з чатырма кіроўцамі (на два аўтамабілі), дзвюма пакаёўкамі, кухарам, двума афіцыянтамі, аховаю, памочнікам і дарадцам.

У 2005-ым прэм’ер-міністр Юлія Цімашэнка зрабіла спробу пазбавіць Кучму ільготаў, але праз паўтара года ейнае рашэнне скасаваў новы кіраўнік ураду Віктар Януковіч, і Кучма вярнуўся на сваё лецішча. Дарэчы, іх у яго дзве: яшчэ адна месціцца на беразе Чорнага мора ў Крыме (тэрыторыя былой дзіцячай здраўніцы ў Алупцы).

Не пакрыўдзілі і Віктара Юшчанку, які пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года саступіў сваё крэсла Януковічу. Лідару «аранжавай рэвалюцыі» пакінулі ў вечнае карыстанне дом у Конча-Заспе, у якім у гады свайго прэзідэнцтва жыў Леанід Кучма (апошняму далі іншы асабняк). Юшчанка таксама атрымаў бясплатную абслугу, транспарт, кіроўцаў, медычнае і санаторна-курортнае лекаванне.

Праз паўгода Юшчанка паведаміў, што плануе пераехаць з дзяржаўнага лецішча ў свой уласны дом у Новых Бязрадзічах (Кіеўская вобласць). Пераезд зацягнуўся на 2 гады – да 2012-га. Аднак у 2013-ым стала вядома, што экс-прэзідэнт гэтак і не вызваліў лецішча ў Конча-Заспе. Калі гэтае пытанне ўзнялі журналісты, Юшчанка адказаў проста: «Як толькі гэта адбудзецца, я паведамлю. Гэта ж не галоўная праблема ва Украіне».

А вось першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук неаднаразова абураўся ў медыях такою сітуацыяй. «Чаму дзясяткі чыноўнікаў жывуць у Конча-Заспе за дзяржаўны кошт? На якіх падставах Кучма і Юшчанка жывуць на дзяржаўных лецішчах?» – пытаўся Краўчук.

Пры гэтым і сам першы ўкраінскі прэзідэнт жыве ў Конча-Заспе, праўда – паводле іншай схемы. Пасля свайго сыходу ў 1994-ым ён атрымаў дзяржаўнае лецішча, а рашэннем Кіеўскай рады ў 2009-ым годзе яму выдзелілі 0,5 гектара зямлі ў прыватнае карыстанне. Паводле «выпадковага» збегу акалічнасцяў на выдзеленых сотках і месцілася лецішча, у якім ён жыў. Гэткім чынам Краўчук хоць і карыстаецца дзяржаўным домам, фармальна ён лічыцца ягонаю прыватнаю ўласнасцю.

Раздаючы дзяржаўныя лецішчы і абслугу сваім папярэднікам, кожны новы кіраўнік дзяржавы спадзяецца, што і з ім паступяць аналагічна, калі і ягоны тэрмін падыдзе да канца.

Расціслаў Шапашнікаў, belsat.eu

Стужка навінаў