«Вялікі камень» разладу


Беларуска-кітайскі індустрыйны парк пад Смалявічамі рыхтуецца да вялікага будаўніцтва. Кіраўнікі праекту абвяргаюць чуткі пра тое, што на будаўнічых пляцоўках будзе працаваць 650 тыс. кітайцаў.

«Вялікі камень» памерам з Віцебск

«Вялікі камень» – так хутчэй за ўсё будзе называцца будучы беларуска-кітайскі індустрыйны парк. Ён паўстане за 25 км. ад сталіцы пад Смалявічамі і будзе памерам з Віцебск. На плошчы 80 кв. км. пабудуюць дзясяткі прамысловых і навукова-даследчых прадпрыемстваў. У праекце бяруць удзел расейскія, беларускія, кітайскія і еўрапейскія інвестары.

Міф пра 650 тыс. кітайскіх будаўнікоў

У 2012 годзе інфармацыя пра магчымае ўзвядзенне беларуска-кітайскага прамысловага гіганту, дамоўленасці пра будаўніцтва якога дасягнулі яшчэ ў 2010 годзе, узбударажыла 15-тысячныя Смалявічы. Увесь горад гэта абмяркоўваў. Тым больш што медыі падкідалі гарачанькія тэмы. Ананімная крыніца выдання «Газеты.Ru» апублікавала інфармацыю пра выдачу 650 тыс. беларускіх візаў грамадзянам КНР, якія нібыта меліся прыехаць у Беларусь у якасці будаўнікоў. Беларускі МЗС абверг гэтыя чуткі. Абвяргае іх і адзін з кіраўнікоў адміністрацыі парку Аляксандр Ярмак. Паводле яго, на будаўніцтве будуць працаваць не больш за 30 тыс. нашых азіяцкіх братоў.

Другасныя тэхналогіі і здрада Беларусі

Але не толькі кітайцаў баяліся мясцовыя жыхары. Смалявіцкія акцыі пратэсту супраць узвядзення парку, якія налічвалі не больш за 300 асобаў, збіралі і тых, хто баяўся экалагічнай пагрозы. Людзі лічаць, што азіяты не будуць дбаць пра навакольнае асяроддзе.

Кітайскія прадпрыемствы ўжо не раз даказвалі свету, што экалогія іх не вельмі турбуе. У 2012 г. некалькі арганізатараў пратэстаў супраць будаўніцтва парку атрымалі адміністратыўныя пакаранні. Адзін з іх – Андрэй Дзмітрыеў – называе беларуска-кітайскі праект здрадаю Беларусі, бо той прынясе нашай краіне другасортавыя тэхналогіі, якія будуць нішчыць мясцовы бізнес.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары