Як беларусы са зброяй у руках адкрылі дарогу на Рым


Роўна 70 гадоў таму падчас Другой сусветнай вайны распачалася Бітва за Рым. У складзе войска генерала Андэрса, якое адыграла ключавую ролю у апошняй, чацвёртай бітве пад Монтэ-Касіна, паводле некаторых ацэнак, кожны трэці жаўнер быў беларусам.

«Лінія Густава». Чатыры крывавыя бітвы

17 снежня распачаўся першы штурм «Лініі Густава» – цэлага абарончага комплексу, што закрываў саюзным войскам шлях да Рыму. Нямецкія ды італьянскія войскі добра ўмацаваліся, а горны рэльеф даваў дадатковыя перавагі ў абароне ад тых, хто наступаў. Больш за тое – гарыстая мясцовасць з артылерыяй і элітнымі нямецкімі дывізіямі пераўтварылася ў сапраўдную крэпасць. У першай атацы тры дывізіі 10-га корпусу арміі ЗША згубілі каля 4 тыс. жаўнераў.

У першай і наступных двух бітвах бралі ўдзел амерыканцы, індыйцы, французы і англічане, канадцы ды французы. Вермахт таксама нясе вялікія страты ад абстрэлаў і бамбёжак, тым не менш пазіцыяў не здае. Падчас усёй кампаніі саюзнікі страцілі больш за 300 тыс. жаўнераў, немцы ды італьянцы – больш за 400 тыс.

У аперацыі «Дыядэма» – апошняй і паспяховай спробе захапіць «Лінію Густава» бралі ўдзел амерыканскія і брытанскія войскі, а таксама войска Андэрса – польскае вайсковае фармаванне, створанае на тэрыторыі СССР.

Са сталінскіх лагераў – на фронт

У 1941 годзе польскі ўрад у выгнанні ды СССР падпісалі пагадненне пра ўзнаўленне дыпламатычных зносінаў і ўзаемадапамогу ў барацьбе з нацысткаю Нямеччынаю. Паводле гэтай дамовы права на амністыю атрымалі рэпрэсаваныя польскія грамадзяне, у тым ліку – нарадзінцы Заходняй Беларусі, якая да 1939 года ўваходзіла ў склад Польшчы.

Генерал Андэрс атрымаў дазвол набраць у войска грамадзянаў Польшчы, якія ўтрымліваліся ў сталінскіх лагерах. Шмат хто з беларусаў заяўляў аб сваім польскім паходжанні, каб вырвацца з ГУЛАГу. Паводле некаторых ацэнак, колькасць беларусаў у войску Андэрса магла дасягаць 30 %.

У склад 2-га польскага корпусу пад камандаваннем Андэрса ўваходзілі пяхотная, танкавая дывізія і дывізія горных стралкоў. Агульная колькасць – каля 60 тыс. асобаў. У ліпені 1943 года іх уключылі ў склад брытанскага войска і перакінулі ў Іран.

Палякі, беларусы і мядзведзь-жаўнер

У студзені 1944 года 2-гі польскі корпус перакінулі ў Італію. Вайсковае фармаванне ўзяло ўдзел у аперацыі «Дыядэма» – апошняй спробе ўзяць «Лінію Густава». Войска Андэрса штурмавала Монтэ-Касіна – разбамбаваны кляштар, які вермахт пераўтварыў у амаль непрыступную цытадэль.

Беларускі афіцэр 2-га польскага корпусу, пісьменнік Пётра Сыч, які сам браў удзел у гэтай бітве, гэтак апісвае Монтэ-Касіна: «Направа бачым Монтэ Кайро – найвышэйшы шчыт у гэтым раёне (1669 м.). Далей – Сан Анжэлё, далей тое, што мы пазней злілі крывёй – гара, якую амерыканцы назвалі «фантом». Палякі – «відмэм». Здань. Горы абніжаюцца й іхны масіў канчаецца разбітым манастыром на гары… Бачныя вялікія чырвоныя плямы, быццам бы гара сцякала крывёю. Макі… Колькі-ж тут макаў! Нават із шчыліны голай скалы вырываюцца вялікія, чырвоныя краскі. Хочуць жыць, цвісці, пладзіць насенне, цешыцца вясной, сонцам, начной расой і каскадамі салаўінай аркестры… Пад салаўіны вясняны марш мы, урэшце, пайшлі ў наступ».

Біліся да раніцы, але немцы адбівалі ўсе атакі. Чарговая спроба ўзяць кляштар на гары – праз содні. Немцы да гэтага часу ўжо вывелі асноўныя сілы, пакінулі толькі некалькі аддзелаў у бункерах, каб тыя стрымлівалі наступ саюзнікаў, прыкрываючы тых, хто адступае. Войска Андэрса страціла 924 жаўнеры, амаль 3 тыс. былі параненыя. Аднак дарога на Рым была ўрэшце адкрытая для войскаў саюзнікаў.

Дзякуючы беларускім і польскім эмігрантам у Францыі сталі вядомыя прозвішчы загінулых. Апублікаваны таксама спіс загінулых пад Монтэ-Касіна беларусаў – 180 асобаў. Гэта нарадзінцы Горадні, Ваўкавыску, Ліды, Валожыну, Слоніму ды іншых беларускіх гарадоў.

Быў у войску Андэрса яшчэ і незвычайны жаўнер. Вайскоўцы навучылі падносіць артылерыйскія снарады… мядзведзя. Гэта быў сірыйскі буры мядзведзь, якога падабралі ў Іране. Зверу далі імя Войтэк, жаўнеры частавалі яго мармеладам і мёдам, але найбольш Войтэк любіў… піва. Паводле ўспамінаў жаўнераў войска Андэрса, падчас бітвы за Монтэ-Касіна Войтэк разгружаў скрыні са снарадамі з цяжкавікоў, а таксама падносіў скрыні з харчамі да жаўнераў на гару. Сотні людзей былі сведкамі таго, як мядзведзь-жаўнер дапамагаў палякам і беларусам ваяваць супраць вермахту.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў