Апазіцыянеры шыхтуюцца ў Менскі гарсавет


Некаторыя вядомыя апазіцыйныя палітыкі прынялі рашэнне вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў, выбары якіх адбудуцца 23 сакавіка.



Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што будзе балатавацца ў Менскі гарадскі савет як шляхам збору подпісаў, гэтак і ад партыі. Удзел у выбарах у якасці кандыдата таксама плануе ўзяць ягоны намеснік Аляксандр Стральцоў.

Кандыдатам у Менскі гарсавет мае намер вылучацца і лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, дакументы на рэгістрацыю ягонай ініцыятыўнай групы ўжо падалі. Стала вядома, аднак, што ініцыятыўную групу Лябедзькі не зарэгістравалі, не падаўшы прычынаў адмовы. Лідар АГП можа паспрабаваць вылучыцца іншым шляхам – ад партыі. Плануюць таксама вылучацца кандыдатамі намеснікі старшыні АГП Леў Марголін і Васіль Палякоў.



Ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» у Менскі гарадскі савет будуць вылучацца яе старшыня Сяргей Калякін, намеснікі старшыні Валерый Ухналёў і Аляксей Елісееў.

Ад кампаніі «Гавары праўду» кандыдатамі ў дэпутаты будуць вылучацца Сяргей Вазняк і Таццяна Караткевіч, якая ўдзельнічала ў апошніх парламенцкіх выбарах.Намеснік лідара руху «За свабоду» Алесь Лагвінец. Фота БелаПАННамеснік лідара руху «За свабоду» Алесь Лагвінец. Фота БелаПАН

Падаў дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы дзеля вылучэння кандыдатам у дэпутаты Менскага гарсавету намеснік лідара руху «За свабоду» Алесь Лагвінец.



Ліберальна-дэмакратычная партыя на мясцовых выбарах у якасці кандыдатаў у дэпутаты будзе рэпрэзентавацца намеснікам старшыні Яўгенам Крыжаноўскім, чэмпіёнам свету па баях без правілаў Сяргеем Гурам.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў працягнецца да 10 лютага.

МЯ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў