Без уласнага дому, але з мастацкім талентам і незвычайным поглядам на жыццё


Без уласнага дому, але з мастацкім талентам і незвычайным поглядам на жыццё. Валерый Ляшкевіч ужо дваццаць гадоў і жыве, і малюе на вуліцах гораду над Сажом. Арыгінальныя творы мастака не засталіся па-за ўвагаю тых, хто ўмее цаніць творчасць. У Нацыянальным мастацкім музеі адбылося адкрыццё персанальнай выставы гомельскага бяздомніка.
{movie}З вуліцы — у музей (16.01.2014) |right|14296{/movie}
Камеры захоўвання на гомельскім вакзале. Тут свой набытак трымае бесхацінец Валер Ляшкевіч. Сярод самых каштоўных рэчаў – фарбы ды пэндзлі. Спадар Валер – мастак, якога ведае, бадай, кожны ў горадзе над Сажом. Ужо дваццаць гадоў ён малюе на гомельскіх вуліцах.

ВАЛЕР ЛЯШКЕВІЧ, БЯЗДОМНЫ МАСТАК:
“Тут мільёны людзей праходзяць. Гэта ж галоўнае – паказаць ім. Што ж мы будзем хаваць такія працы ад народу, калі гэта пра іхнае жыццё, пра іхныя праблемы”.

А пра жыццё людзей ды іхныя праблемы спадар Валер ведае сапраўды шмат. Яго ж – ведаюць далёка па-за межамі Беларусі. Працы мастака захоўваюцца ў прыватных калекцыях Расеі, краінаў Еўропы ды ў Злучаных Штатах. А на радзіме мастак не мае нават мясцовай рэгістрацыі ды грамадзянства.

Праз гэта некалькі гадоў таму яго нават дэпартавалі ў Пецярбург, дзе спадара заўважыла творчая піцерская моладзь. Каб дапамагчы бяздомнаму мастаку, неабыякавыя людзі стварылі суполку ў сацыяльнай сетцы. Ладзілі выставы, збіралі грошы, фарбы ды цёплыя рэчы. Творца стаў вядомы ў горадзе на Няве, аднак марыў вярнуцца ў горад на Сажы – і тут, на радзіме, паказваць свае творы.

ВАЛЕР ЛЯШКЕВІЧ, БЯЗДОМНЫ МАСТАК:
“Адчуванне, што жыццё праходзіць і трэба працаваць, не пакідала мяне ні на адзін момант, і таму я турбаваўся ўжо тады, дзе б прымацавацца, каб працаваць актыўна і падумаў, што лепш за ўсё – на Радзіме”.

У Беларусі споўнілася пакуль мара спадара Валера пра ўласную персанальную выставу. Напярэдадні Нацыянальны мастацкі музей расчыніў свае дзверы для ахвотных паглядзець на талент у наўпроставым сэнсе вулічнага мастака.

Падчас менскага вернісажу пра гомельскага творцу прэзентавалі таксама дакументальны фільм з назваю “Скрыжаванне”.

НАСТАССЯ МІРАШНІЧЭНКА, РЭЖЫСЁРКА: “Гэты фільм, калі мы пачалі здымаць яго, выклікаў у нас зацікаўленасць як у творчых людзей – герой, яго жыццё, яго лёс выклікаў у нас інтарэс. Але з часам мы пасябравалі. Ён стаў у нейкай ступені для нас родным, настаўнікам”.

На выставе спадар Валер прэзентуе 25 сваіх працаў. А таксама рэпрадукцыі твораў з уласным аўтографам, набыць якія можа кожны ахвотны. Аднак не гэта для мастака галоўнае.

ВАЛЕРЫЙ ЛЯШКЕВІЧ, БЯЗДОМНЫ МАСТАК: “Творы гэтыя і паўсталі ў асноўным дзеля таго, каб людзі задумаліся над гэтымі праблемамі – нельга бегчы хутчэй і вышэй любым коштам”.

У планах – зладзіць грунтоўную выставу. У экспазіцыі мастак хоча паказаць больш складаныя працы, на розныя тэмы. Усё, як ён кажа, на карысць айчыне. Для гэтага, аднак, яму трэба памяшканне, каб жыць і працаваць.

НАВЕДНІКІ ВЫСТАВЫ: “Перш за ўсё Валеру трэба знайсці месца, каб ён мог аддана рэалізаваць свае творчыя таленты”. “Самавучка, вулічны ды даволі высокага ўзроўню творца, але жыве ў такіх умовах – гэта ганебна для нашай краіны”.

Каб выправіць сітуацыю, аднаго прызнання таленту мастака недастаткова. Патрэбныя і больш матэрыяльныя рэчы.

Ганна Любакова, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў