«Крама» рыхтуе магутны камбэк


Літаральна за некалькі дзён да свайго першага канцэрту ў 2014-м гурт «Крама» парадаваў сваіх прыхільнікаў навіною – у новым годзе музыкі збіраюцца выдаць наступны альбом.

Лідар гурта Ігар Варашкевіч кажа: «Граюцца ўжо даўно песня «З Новым годам», мы яе называем «Мядзведзі», «Дзяўчынка са шклянымі вачыма» і «Дзякуй Богу, але ж мы ідзем дамоў». Трэба дапісаць і спець мне песню, якую сёння будзем выконваць… Больш за дзесяць песень я не хачу рабіць».

{movie}Агляд падзеяў культуры (16.01.2014) |right|14287{/movie}

У сваім стылі ды гуку «Крама» нічога не збіраецца змяняць. Толькі рок-н-рол. І толькі па-беларуску.

«Новы альбом будзе больш драйвовы і вясёлы, хоць мы маем пару драматычных сумнаватых песень. Нейкія ідэі возьмем з мінулых альбомаў, якія не былі яшчэ ўвасобленыя да канца», – распавядае гітарыст «Крамы» Сяргей Трухановіч.



Шэраг песень з будучага альбому «Крамы» ўжо занялі трывалае месца ў іх канцэртным трэк-лісце. А на канцэрце ў «Графіці» здарылася прэм’ера: музыкі ўпершыню сыгралі на публіку твор «Вышэй за дахі».

Новы альбом «Крамы» ўжо называюць сярод самых чаканых рэлізаў гэтага года. Музыкі абяцаюць скончыць працу над ім ужо ўвесну.

Іншыя тэмы: Амерыканская кінаакадэмія назвала намінантаў на атрыманне прэміі «Оскар». Гурт «Nizkiz» з Магілёва прэзентаваў новы кліп і паабяцаў новы альбом. У галерэі Акадэміі мастацтваў працуе выстава памяці Міхася Раманюка, у Нацыянальным мастацкім музеі – выстава бяздомнага мастака Валерыя Ляшкевіча, у Гомлі – выстава літоўскага плакату.

Сяргей Будкін, Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў