Згадайма «дзіўны свет» Чэслава Немэна


З дня смерці культавага выканаўцы 17 студзеня спаўняецца 10 гадоў.

Пясняр нарадзіўся 16 лютага 1939 года ў Старых Васілішках каля Ліды. Ягонае сапраўднае прозвішча – Выджыцкі. Псеўданім Немэн музыка абраў сабе пазней.



Зрабіўшы бліскучую кар’еру і дасягнуўшы вялікага прызнання ў Польшчы, Чэслаў Немэн шмат разоў прызнаваўся ў любові да сваёй айчыны ды нават у сваім псеўданіме выявіў повязь з наднёманскім краем.



Калі яму было 7 месяцаў, пачалася ІІ сусветная вайна. Неўзабаве ў Заходняй Беларусі, што належала Польшчы, з’явіліся савецкія войскі. Большасць суседзяў будучага спевака саслалі ў Сібір і Казахстан. Сям’і Выджыцкіх удалося, аднак, пазбегчы рэпрэсіяў.

{movie}«Дзіўны гэты свет» у выкананні Чэслава Немэна|right|14283{/movie}

Калі маладзёну споўнілася 19 гадоў, ён мусіў ісці на службу ў савецкае войска. Скарыстаўшы з апошняй магчымасці рэпатрыяцыі, як асоба польскай нацыянальнасці выехаў разам з роднымі ў Польшчу.

На новым месцы Чэславу было нялёгка. Ён маляваў шыльды, працаваў грузчыкам у гданьскім порце. У ягонай гаворцы шмат хто ў Польшчы чуў акцэнт. Адныя любілі яго за гэта, а некаторыя – наадварот, пасмейваліся з ягонага паходжання.

З пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя Чэслаў Немэн пачаў выступаць на польскай эстрадзе. У 60–80-я гады спявак быў у Польшчы духоўным правадыром узбунтаванай моладзі.

Выступаючы ў крыклівых строях, з доўгімі валасамі ды барадой, ён быў кумірам тае эпохі. Немэн паказваў грамадству, што можна жыць інакш: шчыра, натуральна і праўдзіва. Яго называлі нават «адзінаю сапраўднаю зоркаю» тых часоў, падкрэсліваючы, што музыка заўжды змагаўся за праўду.

{movie}Чэслаў Немэн. “Гавары да мяне яшчэ”|right|14284{/movie}

Пасля таго, як у Польшчы абрынуўся сацыялістычны лад, а ў 1989 годзе на выбарах перамагла апазіцыя, спявак адзначаў, што творцаў надалей абмяжоўваюць: «Тыя, хто працуе ў галіне культуры, спадзяваліся, што будуць мець магчымасць разгарнуць свае крылы. Але з сумам мушу сказаць, што нашыя крылы надалей нам абразаюць. Я не ведаю, чаму гэтак адбываецца, але гэта праўда. З’явілася нейкая вульгарная цывілізацыя, і мяне асабіста гэта вельмі непакоіць».

Чэслаў Немэн пісаў музыку на творы польскіх паэтаў Цыпрыяна Норвіда, Адама Асныка, Балеслава Лесьмяна. Дзякуючы яму, некалькі пакаленняў моладзі навучылася чытаць, разумець і любіць паэзію.

Немэн ніколі не паддаваўся камерцыі, а ў сваёй дзейнасці стараўся кіравацца хрысціянскім прынцыпам «не рабі іншым таго, што табе няміла».

Родную старонку Чэслаў наведаў у 1970 годзе. Яго віталі зарослы сад і закінутая хата. Убачыўшы ўсё гэта, Немэн ужо больш ніколі не захацеў вярнуцца ў Васілішкі. Ягоныя былыя суседзі ўспаміналі, што спявак сфатаграфаваў хату, ваколіцу, а праз хвіліну знішчыў негатыў.

{movie}Чэслаў Немэн. “Подыум памяці. Жалобная рапсодыя”|right|14285{/movie}

Немэн ніколі не належаў да ніводнай палітычнай партыі. Нават у школе не быў ні піянерам, ні камсамольцам. Часта падкрэсліваў, што ў Польскай Народнай Рэспубліцы выжыў толькі дзякуючы сваім фанам. Ягоны палітычны кірунак быў адназначны з самага пачатку: яго не цікавіў сацыялізм, ён захапляўся звычайным чалавекам, жыццём у згодзе з прыродаю.

Некалькі гадоў Немэн цяжка хварэў. Дыягназ гучаў як прысуд – рак. Музыка да апошняга не хацеў ісці ў шпіталь, паўтараючы, што яму дапаможа ільняное семя. 17 студзеня 2004 года Чэслаў Немэн развітаўся з гэтым светам. Яго пахавалі на Паванзкоўскіх могілках у польскай сталіцы. У дзень пахавання а 15 гадзіне ў эфіры ўсіх радыёстанцыяў гучала ягоная песня «Dziwny jest ten świat» («Дзіўны гэты свет»).

Караліна Русіновіч, belsat.eu

Стужка навінаў