Паралакс. Чорна-белая Амерыка


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпох, у праектах нашага сайта, піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Калі б Сталін не меў шмат справаў у 1937-м, савецкія журналісты кпілі б, напэўна, з «амерыканскага шляху», «высокага стандарту жыцця» і расавай сегрэгацыі ў ЗША пры дапамозе толькі адной фатаграфіі.

37-ы пачаўся ў Злучаных Штатах экстрэмальна: з берагоў выйшлі найбуйнейшыя рэкі, ад разліваў пацярпела больш за дзесяць штатаў. Кентукі, дзе зрабілі гэты здымак, стаў ахвяраю двойчы: з берагоў выйшлі Агаё і Місісіпі. Амерыканскі ўрад скіраваў пацярпелым дапамогу: лекі, вопратку, хлеб.

На фатаграфіі жыхары Луівілу (Louisville, на той момант у горадзе жылі крыху больш за 300 тысячаў людзей) стаяць у чарзе па харчы пад вялізным білбордам з сацыяльнаю рэкламай. І спачатку мы бачым паспяховую сям’ю з сабачкам і ўласным аўтамабілем, а потым вочы спаўзаюць да чарнаскурых бедакоў. Рэклама ўжо паспела страціць актуальнасць: пік продажу аўтамабіляў у ЗША прыпаў на 1929 год, з пачаткам Вялікай дэпрэсіі людзі пазбываліся машынаў. Але характэрна тое, што высокі стандарт жыцця зарэзерваваны для белых.

Аўтарка здымку, Маргарэт Бэрк-Ўайт (Margaret Bourke-White, 1904–1971), пачынала працу як прамысловы фатограф, але хутка перайшла ў прэсу. Яна адна з першых жанчын, якая стала займацца фотажурналістыкаю; Бэрк-Ўайт спрычынілася да пераўтварэння часопіса «Life» у выданне, што спецыялізуецца на фотагісторыях. Маючы талент і разумеючы, што амерыканцам больш даспадобы карцінкі, чым тэкст, Маргарэт была адною з тых, хто дапамог выданню дасягнуць мільённых накладаў. У студзені 1937 года фатограф рушыць у вандроўку па Штатах, каб задакументаваць наступствы прыроднай катастрофы.

Спосаб кадравання здымку падкрэслівае дыскрымінацыю неграў у Злучаных Штатах. Такое становішча рэчаў мела месца да 1964 года. Хоць мужчыны і жанчыны з чаргі маюць на галовах тыя ж капелюшы, што і героі са шчыта, і ўсе (апроч аднаго запэцканага спадара) апранутыя ў чыстыя паліто і гарнітуры, у амерыканскай дзяржаве на той момант яны – людзі другога гатунку. Негры не маглі вучыцца з белымі, плаваць з белымі ў адным басейне і мусілі саступаць белым месцы ў грамадскім транспарце. Чарнаскурыя выконвалі горшую працу і атрымоўвалі меншыя грошы. Адною фатаграфіяй Бэрк-Ўайт здолела зласліва пажартаваць над тагачаснымі амерыканскім парадкамі: белыя на аўтамабілі папросту ўразаюцца ў каляровых амерыканцаў, нават не заўважаючы іх. Унікальнасць гэтага жарту – у месцы і часе здымку. Па-першае, Амерыка 30-х увайшла ў эканамічную кому ўся і цалкам, без расавых падзелаў. Па-другое, стыхія сляпая – аўтамабілі ды белыя сабачкі змываліся ракай Агаё незалежна ад колеру скуры ўладальнікаў. У чэргах па ежу белыя таксама стаялі, зірніце на хлопца злева.

Рэкламу ў сваіх здымках выкарыстоўваў шмат хто з фатографаў (Робэрт Франк, Стывэн Шор, Ўільям Эглстан), але дасканаласці ў сарказме, як на здымку з луівілскага разводдзя, дасягнуў толькі Ўіджы (Артур Фэліг), які здымаў бесхацінца на тле білборда са словамі «малады і бесклапотны» або смяротны выпадак побач з рэкламаю фільму «Радасць жыцця».

Перажываць са Злучанымі Штатамі іх прыродныя катаклізмы сталася традыцыяй. Ураганы ды цунамі ўлетку, рэкордны снегапад і 40-градусная тэмпература паветра цяперака. Зараз варта падрыхтавацца да веснавых паведамленняў пра паводкі – метровыя сумёты рана ці позна пачнуць раставаць.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў